Нямецкія адвакаты падалі ў МКС зварот супраць Ёрга Дорнау

Нямецкія адвакаты падалі зварот у Міжнародны крымінальны суд супраць дэпутата ультраправай партыі “Альтэрнатыва для Германіі” Ёрга Дорнау. Пра гэта паведамляе DW.

Ёрг Дорнау стаў вядомы шырокай публіцы пасля таго, як высветлілася, што ён выкарыстоўвае працу палітвязняў на сваёй цыбульнай ферме «Цыбулька-Бел» у Беларусі.

Адвакаты Ян Вінтэрхальтэр (Jan Winterhalter) і Фердынанд Моорс (Ferdinand Moors) з партыі “Саюз 90/Зялёныя” падрыхтавалі і накіравалі ў МКС зварот аб меркаваных злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў Беларусі. Такімі дзеяннямі яны называюць выкарыстанне працы, пазбаўленне волі беларусаў па палітычных матывах, магчымае прымяненне да іх катаванняў. Падставай для звароту стала дзейнасць кампаніі Дорнау «Цыбулька-Бел».

У 2024 годзе Фердынанд Моорс ужо спрабаваў ініцыяваць пераслед Дорнау. Тады ён падаў заяву ў пракуратуру Лейпцыга. Пракуратура ў выніку адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу, спаслаўшыся на юрыдычныя падставы. На думку пракуратуры, «не было ўстаноўлена дастатковых падстаў для падазрэння ў здзяйсненні злачынстваў, якія маглі б пераследавацца ў Германіі».

Аднак адвакаты вырашылі не спыняцца на гэтым і падалі зварот у МКС.

“Абгрунтаванне пракуратуры падалося нам недастатковым. Наколькі мы зразумелі, пракуратура Лейпцыга паглядзела відэазапіс, атрыманы ад MDR (грамадскай тэлерадыёкампаніі Саксоніі. — заўв.), і сказала, што гэтых звестак недастаткова. Але сродкі масавай інфармацыі і патрэбны для таго, каб указаць на першыя падазрэнні. Знайсці і апытаць сведкаў — гэта задача пракуратуры. Гэтага не адбылося, і таму мы пайшлі далей”, — прыводзіць DW словы Яна Вінтэрхальтэра.

У звароце адвакаты спасылаюцца на справаздачы праваабаронцаў, паведамленні СМІ, у якіх утрымліваюцца ўказанні на выкарыстанне ў Беларусі прымусовай працы, пераслед і пазбаўленне волі па палітычных матывах, катаванні ў месцах зняволення. Кампанію Дорнау юрысты прыводзяць у якасці прыкладу выкарыстання прымусовай працы палітвязняў. У сваім звароце яны просяць правесці расследаванне як супраць Дорнау, так і супраць неўстаноўленых прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

“Зразумела, спадар Дорнау сам не арыштоўвае зняволеных, ён не катуе і не пагражае — гэтым займаюцца беларускія ўлады. Але ён кіруе сваёй кампаніяй, дае ўказанні. Ён — і гэта на самой справе яшчэ горш — проста нажваецца на пакутах людзей з краіны, якая мяжуе з ЕС”, — сказаў Вінтэрхальтэр.

Трэба адзначыць, што хоць справа супраць Дорнау з-за выкарыстання працы палітвязняў не была ўзбуджана ў 2024 годзе, ён усё ж сутыкнуўся з крымінальным пераследам з-за свайго беларускага бізнесу. Было ініцыявана расследаванне па падазрэнні ў абыходзе санкцый, звязанае з пастаўкай у Беларусь пагрузчыка па схеме «ілжывы транзіт» у 2022 годзе. У лютым гэтага года Ёрг Дорнау быў затрыманы падчас пасяджэння ландтага ў Саксоніі пасля таго, як яго пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці. Паліцыя правяла яго допыт па справе.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!