Нядобрасумленныя работнікі ўборачнай прыбылі ў злучэнне ССА

У адно са злучэнняў сіл спецыяльных аперацый пачалі прыбываць работнікі, якія дрэнна выконвалі свае абавязкі падчас уборачнай кампаніі. Адпраўляць такіх людзей у армію нядаўна распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка.

У Мінабароны назвалі мерапрыемства «зборам з прызывам ваеннаабавязаных».

Як паведамляе ведамства, прыбылыя прайшлі праз пункт прыёму асабовага складу. Тыя, хто раней не прымаў вайсковую прысягу, прынеслі клятву на вернасць радзіме.

«Падчас збору, які зойме да 60 сутак, з ваеннаабавязанымі правядуць заняткі па аднаўленні ваенна-прафесійных навыкаў. Пасля праходжання курса навучання яны будуць накіраваны ў раёны выканання вучэбна-баявых задач», — заяўляе Мінабароны.

Паводле слоў намесніка начальніка аддзела баявой падрыхтоўкі камандавання ССА Яўгена Дзянісава, прыбылых размяркуюць па падраздзяленнях і сфарміруюць стралковы батальён.

«У далейшым зводнае падраздзяленне будзе накіравана на палігон злучэння, дзе яго размесцяць у раёнах засяроджвання.

На палігоне з ваеннаабавязанымі будуць праводзіцца заняткі па асноўных прадметах баявой падрыхтоўкі, якія забяспечваюць жывучасць вайскоўцаў і захаванне баяздольнасці падраздзялення ў цэлым: агнявая, інжынерная і ваенна-медыцынская падрыхтоўкі.

Заняткі будуць праходзіць як паблізу раёна засяроджвання, так і на значным аддаленні. Таксама запланаваны сутачныя заняткі з правядзеннем як у светлы час сутак, так і ва ўмовах абмежаванай бачнасці», — заявіў Дзянісаў.

Фота: Анастасія Гакоціна, «Ваяр»
Фота: Анастасія Гакоціна, «Ваяр»
Фота: Анастасія Гакоціна, «Ваяр»
Фота: Анастасія Гакоціна, «Ваяр»
Фота: Анастасія Гакоціна, «Ваяр»
Фота: Анастасія Гакоціна, «Ваяр»
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!