Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з паслом Сербіі Ілінай Вукайловіч. Ён адзначыў, што непаразуменне паміж краінамі праходзіць і запэўніў дыпламатку ў сяброўскіх адносінах паміж Мінскам і Бялградам.
“Былі пэўныя непаразуменні. Вы пра гэта добра ведаеце. Але мы разлічваем, што ўсякія непаразуменні і ўсякага роду целарухі, якія незразумелыя ні вам, ні нам, яны праходзяць. Час змяняе многае. Асабліва ў апошні час вы бачыце, наколькі турбулентны гэты шалёны свет. Тым не менш адносіны ў нас складваліся і складваюцца добрыя, нягледзячы на пэўныя нюансы”, – сказаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, Сербія – добрая, цёплая, блізкая краіна.
“Мы заўсёды з найвялікшай павагай ставіліся і будзем ставіцца да вашай краіны. І нам не абыякава, якія працэсы адбываюцца ў Сербіі, як складваецца абстаноўка, сітуацыя. У каго, як не ў вас, можна атрымаць такую інфармацыю. Адкрытую, сяброўскую інфармацыю. Сказаць, што мы не валодаем сітуацыяй па абстаноўцы ў Сербіі, было б няправільна. Мы назіраем, валодаем абстаноўкай, наколькі гэта магчыма на адлегласці, пасольства інфармуе нас. Тым не менш вы ведаеце больш і можаце акцэнтаваць нашу ўвагу на нейкіх праблемах, якія, магчыма, з Мінска не відаць.
Хацеў бы ад вас пачуць характарыстыку таго, што адбываецца ў Сербіі, на чым нам у Беларусі варта засяродзіцца”, – працягнуў ён.
Лукашэнка запэўніў, што адносіны з Сербіяй застануцца сяброўскімі.
“Сербія заўсёды была такім раздражняльнікам для заходніх дзяржаў. Пра гэта ваш Прэзідэнт часта кажа. Мы разумеем, што вам няпроста. Вы не маеце мяжы ні з намі, ні з Расійскай Федэрацыяй – сяброўскімі дзяржавамі, якія ў любую хвіліну гатовы прыйсці вам на дапамогу і аказаць фінансавую, матэрыяльную, эканамічную падтрымку.
Таму я даўным-даўно яшчэ сказаў пра тое, што мы з павагай будзем прымаць вашу палітыку ў дачыненні да заходніх дзяржаў, у дачыненні да Беларусі, Расіі і гэтак далей. Што і робім у апошнія гады”, – сказаў ён.
У сваю чаргу Вукайловіч выказала Лукашэнку падзяку за яго прынцыповую пазіцыю.
“Хачу перадусім падзякаваць Беларусі за прынцыповую пазіцыю адносна сербскага тэрытарыяльнага суверэнітэту, а таксама працяглую падтрымку. Сербія таксама адстойвае сваю прынцыповую і адказную пазіцыю пра тое, што дыялог з’яўляецца адзіным магчымым спосабам вырашэння гэтага найважнейшага і найбольш адчувальнага нацыянальнага пытання. Падтрымка і разуменне ў гэтым сэнсе для нас шмат значаць”, – сказала яна.
Яна падзякавала за згоду прыняць удзел у міжнароднай спецыялізаванай выставе “Экспа-2027”, якая пройдзе ў Бялградзе ў 2027 годзе. Паводле слоў Іліны Вукайловіч, каля 140 краін і міжнародных арганізацый ужо пацвердзілі свой удзел у гэтай выставе.