Не менш за 129 чалавек у Беларусі асуджаныя за «дзяржаўную здраду»

Па стане на 16 чэрвеня 2026 года не менш за 129 чалавек у Беларусі асуджаныя паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суды паводле гэтага артыкула праходзяць у закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачанняў застаецца невядомай. Паводле часткі 1 артыкула пакаранне прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі, паводле часткі 2 з 2023 года — аж да смяротнага пакарання.

Сярод асуджаных — не менш за шэсць сем’яў (14 чалавек) і 16 жанчын. Вінаватымі ў дзяржаўнай здрадзе прызнаюцца людзі розных прафесій: незалежныя журналісты, рабочыя, святар, музыкант, медыяменеджар, бізнесмен, IT-спецыяліст, культурны менеджар, былыя сілавікі і вайскоўцы, палітыкі.

Вядома як мінімум пра дзевяць былых вайскоўцаў, якіх судзілі паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе.

Мінімум 43 беларусы былі асуджаныя паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе за падтрымку Украіны. 15 палітыкаў і актывістаў атрымалі завочныя прысуды паводле гэтага артыкула.

Як мінімум чацвёра асуджаных знаходзяцца ў пенсійным узросце. Прынамсі ў 11 асуджаных маюцца сур’ёзныя праблемы са здароўем.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!