Нядбайныя аграрыі, адпраўленыя Аляксандрам Лукашэнкам у армію, перавыхаваліся на ваеннай службе. Цяпер міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін хоча іх узнагародзіць. Пра гэта Лукашэнка расказаў на сённяшняй нарадзе, прысвечанай сельгасвытворчасці ў Беларусі.
У пачатку месяца Лукашэнка даручыў накіроўваць у армію на ваенныя зборы нядбайных работнікаў АПК Беларусі. Пасля яго даручэння ваенныя камісары паехалі па гаспадарках. У выніку, паводле слоў самога ж Лукашэнкі, у армію забралі каля 500 чалавек, з якіх сфарміравалі батальённа-тактычныя групы.
Сёння ён падзяліўся вынікамі гэтага армейскага перавыхавання.
“Прывяду прыклад. Некаторыя так – “хі-хі, ха-ха” – успрынялі, калі я сказаў на селектарнай нарадзе: нядбайных, алкаголікаў і іншых, якія не жадаюць працаваць на зямлі ва ўборку, – на “фронт”. У армію, у сілы спецыяльных аперацый, на мяжу – да Крупко і Пархомчыка, Хрэнін – адказны”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, ён ужо не раз цікавіўся ў міністра абароны, як вяскоўцы спраўляюцца са службай. Той адказваў, што да іх няма пытанняў.
“Я не паверыў. Кажу: “Перапраў, сам паглядзі”. Яшчэ раз праз тыдзень пытаюся. Ён мне: “Аляксандр Рыгоравіч, дазвольце заахвоціць”. Кажу: “Ты што, з глузду з’ехаў? Гэта ж п’яніцы, такія-сякія…” Твары светлыя, працуюць, выконваюць усё, што афіцэр скажа. Ну ніякіх прэтэнзій.
А кажуць, што армія – гэта не лагер для выхавання, як Вальфовіч сказаў. Так, гэта не лагер. Але школа выхавання вельмі добрая. Нармальныя мужыкі. Прайшлі перападрыхтоўку. Я кажу: “Усім зброю як вайскоўцам. Пераапрануць, пагаліць, падстрыгчы. І туды”. Баявое зладжванне, усё зрабілі па апошніх стандартах. Мабільныя групы, тактычныя групы. Усё, што трэба нам для абароны мяжы. Мы ж не ваюем ва Украіне, а абараняць мяжу трэба. І накіравалі туды 170 чалавек адразу”, – сказаў ён.
Лукашэнка дадаў, што ў палявых умовах прызваныя абсталявалі сабе зямлянкі лепш, чым кватэры.
“Яны зямлянкі выкапалі лепш, чым у Мінску кватэры абсталявалі. Вось табе і п’яніцы, такія-сякія”, – сказаў ён.
“Мы не змаглі іх арганізаваць. А ў арміі Хрэнін са сваімі афіцэрамі арганізаваў іх дзейнасць і просіць іх узнагародзіць. Кажу: “Давай пачнём з таго, каб ты іх узнагародзіў, я не супраць”. Будзе ўзнагароджваць асобных там найлепшых людзей. Значыць, людзі могуць працаваць”, – падсумаваў Лукашэнка, прыйшоўшы да высновы, што “ёсць пэўныя метады і рычагі ўздзеяння на тых, хто не хоча належным чынам выконваць свае працоўныя абавязкі”.
