Нацбанк устанавіў парадак вызначэння курсаў крыптавалют у беларускіх рублях

Нацыянальны банк Беларусі пастановай №163 ад 30 чэрвеня ўстанавіў парадак вызначэння курса лічбавых знакаў у беларускіх рублях. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 18 ліпеня.

У адпаведнасці з ім, курс крыптавалют вызначаецца крыптабанкам штодня ў працоўныя дні па стане на 17:00 мінскага часу на падставе даных крыптабіржаў, вызначаных рэгулятарам. Курс вызначаецца як сярэднеўзважаны кошт адной адзінкі токена за апошнія 24 гадзіны. Калі крыптабанк не можа атрымаць даныя аб сярэднеўзважаным курсе, то ён разлічвае курс на падставе даных аб тавараабароце таргоў і аб’ёме таргоў па такім токене. Устаноўлены асаблівасці разліку курса па формуле з улікам розных варыянтаў.

Крыптабанк вызначае курс токена ў доларах ЗША як сярэдняе арыфметычнае сярэднеўзважаных курсаў токенаў, атрыманых ад кожнай крыптабіржы, даныя па якой не былі выключаны з разліку.

Курс токена ў беларускіх рублях вызначаецца зыходзячы з афіцыйнага курса беларускага рубля ў адносінах да долара ЗША, устаноўленага Нацыянальным банкам на працоўны дзень, наступны за днём вызначэння курса токена. Курс акругляецца з дакладнасцю да 0,01.

У пералік біржаў, даныя якіх будуць выкарыстоўвацца для вызначэння курсаў, уключаны:

  • Binance,
  • Bybit,
  • OKX.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!