Фото: Jacob Rice, unsplash.com
Аб’яднаны свет барацьбы (UWW) абвясціў пра зняцце ўсіх абмежаванняў на ўдзел беларускіх і расійскіх барцоў у спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі.
Цяпер спартсмены з Беларусі і Расіі змогуць выступаць пад нацыянальнымі сцягамі ва ўсіх узроставых катэгорыях, уключаючы дарослую. На форме спартсменаў і персаналу дазволена выкарыстанне абрэвіятур BLR і RUS, а дзяржаўныя гімны абедзвюх краін будуць выконвацца на цырымоніях узнагароджання ў выпадку перамогі.
UWW паступова змякчаў абмежаванні, уведзеныя пасля расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў сакавіку 2022 года. У 2023 годзе барцам да 15 і 17 гадоў дазволілі выступаць як нейтральным атлетам, у верасні 2024 года абнавілі крытэрыі допуску, а ў лютым 2025 года дазволілі выступаць пад сцягам UWW без статусу нейтральных атлетаў, аднак без дзяржаўных гімнаў і сімволікі. У студзені 2026 года, прытрымліваючыся рэкамендацыі МАК, федэрацыя дапусціла спартсменаў да 23 гадоў да выступленняў пад дзяржаўнымі сцягамі. Цяперашняе рашэнне распаўсюджвае гэтыя ўмовы на ўсе ўзроставыя катэгорыі.