Гитанас Науседа. Фото: @GitanasNauseda
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што атрымаў запэўненні ад кіраўніцтва Польшчы і Латвіі пра гатоўнасць прытрымлівацца той жа пазіцыі, што і Вільня, у пытанні транзіту беларускіх угнаенняў, піша LRT.
«На апошніх форумах у Хельсінкі і Бруселі я выказаў сваё меркаванне, таму што мне было цікава пачуць пункт гледжання лідараў Польшчы і Латвіі, як яны адрэагавалі б на гіпатэтычнае пытанне: калі б хтосьці прапанаваў экспартаваць беларускія ўгнаенні праз іх парты, ці сапраўды яны занялі б такую ж жорсткую пазіцыю, як Літва. І адказ быў “так”, — сказаў кіраўнік дзяржавы ў інтэрв’ю TV3 Žinios у чацвер.
Літва з 1 лютага 2022 года спыніла транзіт калійных угнаенняў з Беларусі пасля ўвядзення санкцый ЗША супраць «Беларуськалія». Пасля гэтага абмежаванні ў дачыненні да беларускіх угнаенняў увёў і Еўрапейскі саюз.
Каментуючы рашэнне ЗША аб змякчэнні санкцый у абмен на вызваленне больш як 100 зняволеных, Наўседа адзначыў, што Вашынгтон кіруецца ўласнай геапалітычнай стратэгіяй. Пры гэтым, паводле яго слоў, санкцыйная палітыка Літвы і ЕС у дачыненні да Мінска застанецца нязменнай.
«Гэта краіна, якая знаходзіцца за Атлантычным акіянам, і, без сумневу, у іх ёсць свая геапалітычная стратэгія ў дачыненні да ўсяго свету, у рэшце рэшт, з-за іх памеру. Мы знаходзімся ў той частцы кантынента, якую можна назваць гарачай, дзе дзейнічаюць агрэсіўныя дзяржавы.
А патуранне агрэсіўным дзяржавам або напад на іх азначае, што яны будуць лічыць вас слабымі і яшчэ больш уразлівымі, і, імаверна, такія паводзіны толькі падліюць алею ў агонь іх агрэсіўных амбіцый. Таму мы прытрымліваемся гэтай пазіцыі, і я неаднаразова казаў пра гэта — мне вельмі падабаецца гэтая думка — палітыка каштоўнасцяў з’яўляецца найбольш выгаднай палітыкай», — заявіў ён.
Паводле яго слоў, Беларусь — гэта свайго роду парахавы склеп, і «што яшчэ горш — гэты парахавы склеп, па сутнасці, належыць па праве ўласнасці Расійскай Федэрацыі».
«Вось чаму вядзецца дыялог, які нядаўна заўважыў і сам дыктатар, сказаўшы, што мы размаўляем з літоўцамі, але размаўляем на больш нізкім узроўні, размаўляем пра канкрэтныя пытанні. Дапамога амерыканцаў, безумоўна, таксама заслугоўвае пахвалы, бо гэта наш вялікі саюзнік, які мае нямала рычагоў уплыву на Беларусь, і, як мы бачым, прынамсі на дадзены момант, гэта прыносіць пэўныя вынікі», — заявіў літоўскі лідар.