Наўроцкі прапанаваў дыпламатычныя і эканамічныя меры для спынення залётаў метэазондаў

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі прапанаваў выкарыстоўваць дыпламатычныя і эканамічныя меры для спынення парушэння паветранай прасторы метэазондамі і беспілотнікамі. На яго думку, скаардынаваныя дзеянні з саюзнікамі могуць адвадзіць Беларусь і Расію ад гібрыдных дзеянняў. Пра гэта ён заявіў на штогадовай сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства абароны і польскай арміі.

“Мы пастаянна адсочваем і рэагуем на парушэнні польскай паветранай прасторы, у цяперашні час у асноўным з дапамогай паветраных шароў, але таксама і з дапамогай беспілотнікаў. Для дасягнення чаканых вынікаў мы павінны спыніць і нейтралізаваць ціск на дзяржаўную мяжу. Вядома, неабходна не толькі працягваць ваенныя аперацыі, але і яшчэ больш інтэнсіўна выкарыстоўваць дыпламатычныя і эканамічныя інструменты. Гэта дасягаецца на міжнародным узроўні, але тут нам патрэбныя яшчэ больш узгодненыя намаганні.

У сувязі з гэтым я прашу, каб у рамках рэгулярных пасяджэнняў Камітэта па нацыянальнай бяспецы Савета Міністраў з удзелам прадстаўніка Бюро нацыянальнай бяспекі былі падрыхтаваныя адпаведныя рашэнні для Савета Міністраў, накіраваныя на выпраўленне падыходу польскай дзяржавы і пашырэнне каардынацыі і супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі ў барацьбе з падобнымі пагрозамі. Толькі ўсёабдымны і рашучы падыход пераканае Расію і Беларусь спыніць дзеянні, якія дэстабілізуюць нашу сістэму бяспекі”, — сказаў Наўроцкі.

Ён таксама адзначыў, што польская армія працягвае ўдзельнічаць ва ўзмацненні аховы мяжы з Беларуссю. Наўроцкі канстатаваў, што цяпер магчымасць незаконнага перасячэння мяжы абмежаваная. На яго думку, трэба імкнуцца да перадачы поўнай адказнасці за мяжу службам сістэмы ўнутраных спраў.

“Сёння магчымасць незаконнага перасячэння мяжы абмежаваная. Мы павінны імкнуцца да далейшай перадачы поўнай адказнасці за ахову ўсходняй мяжы Рэспублікі Польшча Памежнай ахове і паліцыі. Гэта курс дзеянняў, які дазволіць скараціць удзел аператыўных сіл”, — сказаў ён.

Прэзідэнт Польшчы таксама адзначыў, што масавы залёт расійскіх беспілотнікаў у верасні 2025 года паказаў неабходнасць перагляду і змянення падыходаў да рэагавання на такія інцыдэнты, уключаючы ўзровень інтэграцыі камандных пунктаў, паток інфармацыі і асобныя часткі працэсу прыняцця рашэнняў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!