На пасаду прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы вылучылі яшчэ адну кандыдатуру
Рэдакцыя Reform.news · 19 верасня 2026, 12:30
https://reform.news/be/na-pasadu-pradsta-nicy-apk-pa-sacyjalnaj-palitycy-vyluchyli-jashchje-adnu-kandydaturu/Фракцыя «Беларусы дзеяння» ў Каардынацыйнай радзе вылучыла Таццяну Лукаянаву кандыдаткай на пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па сацыяльнай палітыцы. Яна стала трэцяй прэтэндэнткай на гэтую пасаду.
Як адзначаюць у фракцыі, Лукаянава мае больш за 25 гадоў прафесійнага досведу ў сферы адукацыі, бізнесу, кіравання, медыцыны і безнаяўных разлікаў. На працягу 11 гадоў яна працавала адміністратаркай у медыцынскім цэнтры, раней кіравала ўласным бізнесам і працавала ў сферы продажаў і арганізацыі працы.
Пасля 2020 года далучылася да дваровай самаарганізацыі, узаемадапамогі, падтрымкі людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій, палітвязняў і іх сем’яў.
Паводле інфармацыі паплечнікаў, Лукаянава прайшла праз затрыманні, страціла працу, а ў 2024 годзе была вымушаная пакінуць Беларусь. Цяпер яна працягвае працаваць з людзьмі, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам, у тым ліку як ментарка ініцыятывы «Вольныя».
У сваёй праграме яна прапануе засяродзіць работу прадстаўніцтва на падтрымцы палітвязняў, вызваленых і іх сем’яў, медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі пацярпелых ад рэпрэсій, дапамозе беларусам у вымушанай эміграцыі, а таксама садзейнічанні ў працаўладкаванні, перанавучанні і вяртанні да самастойнага жыцця.
Таксама Лукаянава прапануе развіваць супрацоўніцтва з беларускімі грамадскімі арганізацыямі, бізнесам і міжнароднымі партнёрамі і рыхтаваць мадэлі сацыяльнай рэабілітацыі для будучай дэмакратычнай Беларусі.
Асноўным прынцыпам праграмы заяўляецца, што прадстаўніцтва не павінна дубляваць работу ўжо існуючых беларускіх ініцыятыў. Замест гэтага прапануецца аб’ядноўваць іх магчымасці і выкарыстоўваць палітычны статус АПК для вырашэння пытанняў, якія патрабуюць інстытуцыянальнага або міжнароднага ўдзелу.
Лукаянава прадставіць сваю праграму і адкажа на пытанні дэлегатаў КР на адкрытых слуханнях.
Нагадаем, раней на пасаду прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы былі вылучаныя Вераніка Станкевіч і Юлія Міцкевіч. Пасада застаецца вакантнай пасля сыходу Вольгі Зазулінскай.