Фото: @chernaya100
Скандальна вядомае расійскае выдавецтва “Чорная сотня” пахвалілася ў сваіх сацыяльных сетках удзелам у XXXIII Мінскай кніжнай выставе-кірмашы. У Беларусь чарнасоценцы прывезлі кнігі, якія ўсхваляюць расійскую агрэсію супраць Украіны.
“Першае з’яўленне «Чорнай сотні» на найбуйнейшай беларускай міжнароднай выставе-кірмашы адбылося! Захавальнік Леанід ужо сустракае першых пакупнікоў, і продажы ідуць даволі актыўна”, – гаворыцца ў паведамленні.
Выстава працуе з 17 па 22 сакавіка. Асноўны арганізатар — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Аператар – ПК ТАА «Макбел».
На сайце выставы-кірмашу ёсць спіс удзельнікаў і план іх размяшчэння. “Чорная сотня” сапраўды ўказана як адзін з удзельнікаў.
***
«Чорная сотня» — гэта агульная назва ультракансерватыўных, манархічных і нацыяналістычных арганізацый у Расійскай імперыі пачатку XX стагоддзя (прыкладна 1905–1917 гады). Іх ідэалогія ўключала жорсткі нацыяналізм і шавінізм, антылібералізм і антысацыялізм, моцны антысемітызм.