МЗС Беларусі супрацоўнічае з РФ па вяртанні культурных каштоўнасцей

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта згадаў супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у справе вяртання культурных каштоўнасцей. Пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, паведамляе прэс-служба МЗС.

Ніякіх дэталяў у паведамленні не прыводзіцца.

Пасяджэнне камісіі адбылося сёння, 31 сакавіка, у Мінкульце Беларусі. Яго правялі сустаршыні — намеснік кіраўніка МЗС Ігар Сакрэта і першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін.

“Ігар Сакрэта праінфармаваў удзельнікаў пра дзейнасць Міністэрства замежных спраў па вяртанні культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі краіны, а таксама пра супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у гэтай сферы. Асаблівая ўвага нададзена міжнароднаму досведу, у тым ліку праектам ЮНЕСКА і Інтэрпола, накіраваным на супрацьдзеянне незаконнаму абароту культурнай спадчыны. Удзельнікі пасяджэння падвялі вынікі дзейнасці Камісіі ў 2025 годзе і абмеркавалі напрамкі працы ў бягучым годзе”, – гаворыцца ў паведамленні.

Па выніках пасяджэння быў ухвалены план працы Камісіі на 2026 год.

Прэс-служба Мінкульта дадала, што была разгледжана інфармацыя пра выяўленыя ў ФРГ культурныя каштоўнасці беларускага паходжання, вывезеныя з рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, зацверджаны склад экспертнай групы.

Новым старшынёй экспертнай групы была абрана Вольга Папко, дырэктар дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Screenshot
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!