МЗС Беларусі параіла больш уважліва выбіраць тураператараў пасля аўтакатастрофы ў Грузіі

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай з нагоды аўтакатастрофы ў Грузіі, у выніку якой загінулі чатыры грамадзяніны нашай краіны, а 15 атрымалі траўмы.

Як паведамілі ў МЗС, супрацоўнікі пасольства знаходзяцца на месцы здарэння і аказваюць неабходную дапамогу. Да іх у найбліжэйшы час таксама далучыцца пасол Мікалай Рагашчук. Дыпламаты падтрымліваюць пастаянную сувязь з паліцыяй Азургеті і кіраўніцтвам клінік. Грузінскія ўлады аказваюць неабходнае садзейнічанне.

У МЗС выказалі спачуванні ў сувязі з гібеллю чатырох чалавек.

“Мы ўзрушаныя трагедыяй, якая адбылася, і выказваем глыбокія спачуванні сем’ям загінулых, жадаем найхутчэйшага выздараўлення пацярпелым. МЗС ва ўзаемадзеянні з грузінскім бокам акажа ўсё неабходнае садзейнічанне ў рэпатрыяцыі цел і вяртанні беларускіх грамадзян на Радзіму”, – гаворыцца ў заяве.

Адначасова ў міністэрстве параілі больш уважліва выбіраць тураператараў.

“Хацелі б звярнуць увагу нашых грамадзян на важнасць уважлівага падыходу да выбару турыстычных аператараў і дбайнае планаванне маршрутаў перамяшчэння пры выездзе за мяжу”, – дадалі ў МЗС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!