МИД Беларуси. Фото: Reform.by
Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай адносна сітуацыі ў Венесуэле. У заяве катэгарычна асуджаецца ўзброеная агрэсія, аднак не ўказваецца, хто менавіта з’яўляецца агрэсарам.
«Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь катэгарычна асуджае ўзброеную агрэсію, учыненую 3 студзеня 2026 года супраць суверэннай дзяржавы Венесуэла, і разглядае яе як прамую пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы», — гаворыцца ў заяве.
У Мінску заявілі пра сваю «непахісную падтрымку законнага ўрада Венесуэлы» і далучыліся да закліку аб тэрміновым скліканні Савета Бяспекі ААН, «на які ўскладзена галоўная адказнасць за падтрыманне міру».
Паведамляецца, што дыпламатычная місія Беларусі ў Каракасе працуе ў штатным рэжыме, яе персанал знаходзіцца ў бяспецы. Вядзецца праца па маніторынгу сітуацыі з беларускімі грамадзянамі; інфармацыі пра надзвычайныя здарэнні з імі не паступала.
«Рэспубліка Беларусь падкрэслівае: права венесуэльскага народа самастойна вызначаць свой лёс з’яўляецца непарушным. Ніякія формы знешняга ўмяшання, асабліва сілавога, не могуць быць апраўданыя», — рэзюмавалі ў МЗС Беларусі.
Нагадаем, сёння ЗША правялі шырокамаштабную аперацыю супраць Венесуэлы і яе лідара, прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Мадура разам з жонкай «быў захоплены і вывезены з краіны».