Скриншот видео
Міністэрства замежных спраў Беларусі адсправаздачыўся аб перадачы Украіне ноты наконт збору дзікаросаў.
Сёння раніцай Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі абвясціў, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі гатовы забяспечыць доступ жыхароў прыгранічных раёнаў Украіны ў заказнік «Альманскія балоты» для збору дзікаросаў.
МЗС ужо перадаў ноту з адпаведнымі прапановамі часоваму паверанаму ў справах Украіны Івану Навіцкаму.
“Беларускім бокам прымаюцца меры, накіраваныя на арганізацыю сезоннага спрошчанага пропуску ў Рэспубліку Беларусь для ўкраінскіх грамадзян, якія пражываюць у прыграніччы, з мэтай збору дзікаросаў на нашай тэрыторыі.
Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі гатовы арганізаваць спрошчанае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы праз тры ўчасткі пропуску: «Мутвіца», «Хінічаў» і «Селішча».
Гаворка ідзе пра выключна практычныя рэчы. Людзі, якія на працягу многіх гадоў збіралі грыбы і ягады ў рэспубліканскім заказніку «Альманскія балоты» ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, змогуць атрымаць магчымасць рабіць гэта і ў цяперашнім сезоне”, — гаворыцца ў заяве МЗС.
Прэс-сакратар міністэрства Руслан Варанкоў падкрэсліў, што гэта не з’яўляецца палітычным жэстам.
“Гэта рацыянальная, прадыктаваная жыццём прапанова ў інтарэсах простых людзей, якія пражываюць у прыграніччы. Лес для іх — сур’ёзная падмога ў хатняй гаспадарцы. Мы разумеем гэта і прапануем адладжаны механізм, які дазваляе захаваць звыклы лад жыцця без узвядзення штучных бар’ераў.
Чакаем адказу ад Украінскага боку.
Перакананыя, што нават у цяперашніх няпростых умовах падобныя крокі — нармальная практыка добрасуседскіх адносін”, — дадаў ён.