Міністэрства замежных спраў Азербайджана асудзіла атаку Ірана па тэрыторыі Азербайджана і заявіла аб магчымых адказных мерах. Пасла Ірана ў Азербайджане выклікалі ў МЗС для ўручэння ноты пратэсту.
Як заяўляе МЗС, адзін беспілотнік упаў на будынак тэрмінала аэрапорта Нахічэванскай Аўтаномнай Рэспублікі, другі — каля будынка школы ў вёсцы Шекерабад. У выніку быў пашкоджаны будынак аэрапорта. Дзве грамадзянскія асобы атрымалі раненні.
«Мы рашуча асуджаем гэтыя атакі беспілотнікаў, здзейсненыя з тэрыторыі Ісламскай Рэспублікі Іран, у выніку якіх быў пашкоджаны будынак аэрапорта і атрымалі раненні дзве грамадзянскія асобы.
Гэта атака на тэрыторыю Азербайджана супярэчыць нормам і прынцыпам міжнароднага права і спрыяе росту напружанасці ў рэгіёне», — заяўляе МЗС Азербайджана.
Баку патрабуе ад Тэгерана даць тлумачэнні і прыняць неадкладныя меры, каб не дапусціць паўтарэння падобных выпадкаў.
«Азербайджанскі бок пакідае за сабой права прыняць адпаведныя меры ў адказ», — заяўляе МЗС.
