Фото: Госкомвоенпром
Мінскі завод колавых цягачоў прадставіў браніраванае шасі МЗКЦ-690400. Поўнапрывадное шасі (6х6) прызначана для размяшчэння розных комплексаў і сістэм узбраення.
Як паведамілі ў Дзяржкамваенпраме, кабіна і маторны адсек цалкам браніраваныя.
«Цэльназварная браніраваная кабіна атрымала падвесную падлогу і супрацьасколачны падбой — гэта абароніць экіпаж ад ударнай хвалі пры падрыве і асколкаў. Паліўныя бакі пратаэктаваныя: ім не страшныя ўцечкі паліва і ўзгаранне пры паражэнні кулямі або асколкамі», — расказалі ў камітэце.
Там таксама звярнулі ўвагу на тое, што машына мае кампактную кабіну і нізкую раму, што палягчае маскіроўку. Акрамя таго, гідрапнеўматычная падвеска дазваляе паменшыць кліранс для транспартавання ў самалётах Іл-76.
Шасі мае радны 6-цыліндравы дызель ЯМЗ-536 магутнасцю 312 к.с. у пары з 6-ступеньчатай гідрамеханічнай каробкай перадач уласнай распрацоўкі МЗКЦ. Максімальная хуткасць — 90 км/г.
Машына абсталявана комплексам відэаназірання і парковачнай сістэмай з маніторам высокай раздзяляльнай здольнасці.