Фото: ГТК
Супрацоўнікі аператыўнай мытні знайшлі кітайскія і еўрапейскія тавары, якія былі ўвезены ў Беларусь па несапраўдных дакументах. Камп’ютарная тэхніка, тэлевізары, газонакасілкі, прынтары, навушнікі і іншыя тавары захоўваліся ў жылых памяшканнях, офісах і складах у Мінску і Мінскім раёне.
У падробленых дакументах былі ўказаныя атрымальнікі з Беларусі, якія альбо не чакалі пастаўкі такіх тавараў, альбо ўвогуле з’яўляліся неіснуючымі суб’ектамі.
Кошт тавараў складае больш за 1 млн рублёў, паведамляе ДМК.
Мытня ўстанавіла двух парушальнікаў — беларускага перавозчыка і суб’екта гаспадарання. У дачыненні да іх пачатыя адміністрацыйныя працэсы паводле арт. 13.12 КаАП («Парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспартавання, адпуску і рэалізацыі тавараў»). Устанаўліваюцца іншыя асобы, датычныя да правапарушэнняў.