Мы заклікаем ЗША не ціснуць на Літву наконт санкцый – Ціханоўская

Беларускія дэмсілы заклікаюць ЗША не аказваць ціск на Літву наконт санкцый у дачыненні да Мінска. Пра гэта заявіла ў Сейме Літвы Святлана Ціханоўская, перадае BNS.

“Мы пастаянна маем зносіны з амерыканскімі партнёрамі і заклікаем іх не аказваць ціск на краіны ЕС, перш за ўсё на Літву, каб яны адмянілі еўрапейскія санкцыі.

Усе мы разумеем, што калі, напрыклад, санкцыі ў дачыненні да калійных угнаенняў будуць знятыя, гэта толькі ўмацуе рэжым, дасць больш сродкаў на рэпрэсіі і вайну ва Украіне”, – цытуе яе агенцтва.

Як піша BNS, Ціханоўская таксама выступае за тое, каб еўрапейскія партнёры былі паслядоўнымі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.

„Прэзідэнт Трамп валодае дастатковым уплывам, каб дапамагчы беларусам вызваліць усіх палітычных зняволеных. Аднак мы просім еўрапейцаў зберагчы свае самыя моцныя карты для больш важных крокаў, паколькі вызваленне палітвязняў з’яўляецца нашым прыярытэтам, але наша задача – вызваліць усю краіну“, – дадала яна.

Нагадаем, на мінулым тыдні на літоўскім тэлебачанні выйшла інтэрв’ю са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, які заявіў, што спадзяецца на літоўска-беларускую сустрэчу на ўзроўні намеснікаў міністра, а таксама выказаўся за транзіт калійных угнаенняў праз Літву.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!