Анастасия Махомет. Фото: t.me/CabinetBelarus
Намесніца прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Анастасія Махамет нагадала пра лёсы беларускіх добраахвотнікаў Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзегцява ў чацвёртую гадавіну іх знаходжання ў расійскім палоне.
26 чэрвеня 2022 года ў баі пад Лісічанскам загінулі чатыры беларускія добраахвотнікі палка імя Кастуся Каліноўскага, а яшчэ двое трапілі ў палон. Нягледзячы на тое, што іх імёны былі ўключаны ва ўкраінскія спісы на абмен яшчэ ў 2022 годзе, расійскі бок па-ранейшаму адмаўляецца іх вяртаць. Іх лёс застаецца невядомым.
«Сёння — чарговая гадавіна дня, калі беларускія добраахвотнікі “Тромблі” і “Клешч” трапілі ў расійскі палон. Гэта адзін з самых цяжкіх дзён у гісторыі палка імя Кастуся Каліноўскага. Дзень, які забраў жыцці нашых пабрацімаў, пакінуў боль, трывогу і пытанні, на якія дагэтуль няма адказаў. Да апошняга заставалася надзея, што хлопцаў удасца знайсці і вярнуць. Калі сувязь абарвалася, пачалося чаканне, у якім надзея змяшалася з бяссіллем. Для нас “Тромблі” і “Клешч” — не проста імёны ў вайсковай хроніцы. Гэта нашы людзі, беларускія добраахвотнікі, якія пайшлі выконваць свой абавязак і заплацілі за гэта страшную цану», — падкрэсліла яна.
«У гэты дзень мы ўспамінаем усіх, хто не вярнуўся, і тых, хто дагэтуль застаецца ў палоне. Іх лёсы не могуць быць забытыя, а іх імёны не павінны знікнуць з публічнай прасторы. Наш абавязак — працягваць гаварыць пра беларускіх добраахвотнікаў у палоне, падтрымліваць іх сем’і і дамагацца ўвагі да іх лёсу. Бо за кожным імем стаіць чалавек, яго жыццё, яго выбар, яго служэнне і цана, якую ён заплаціў за свабоду. Мы чакаем нашых людзей дадому», — дадала прадстаўніца АПК.