Мужчыну затрымалі за каментары пасля вяртання з-за мяжы

УУС Мінаблвыканкама паведаміла пра затрыманне 39-гадовага ўраджэнца Брэсцкай вобласці, які вярнуўся ў Беларусь.

Падставай для пераследу мужчыны сталі “каментары абразлівага зместу ў адрас міліцыянераў”, якія ён размяшчаў “у адным з тэлеграм-каналаў экстрэмісцкай скіраванасці”, знаходзячыся за мяжой.

“Устаноўлена, што ў сярэдзіне 2025 года фігурант выехаў за мяжу на заробкі. У Рэспубліку Беларусь вярнуўся ў бягучым годзе, каб аднавіць страчаныя дакументы. Менавіта тады ён і быў затрыманы праваахоўнікамі.

У цяперашні час праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні іншых фактаў пратэснай дзейнасці затрыманага, следчымі ўзбуджаная крымінальная справа за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў”, — заявіў намеснік начальніка ўпраўлення па Мінскай вобласці ГУУБ МУС Сяргей Рамановіч.

У роліку прадэманстравана відэа паказанняў мужчыны. Ён кажа, што, знаходзячыся за мяжой, быў у “экстрэмісцкай супольнасці”, пакідаў у ёй каментары. Ён таксама прызнае сваю віну.

Варта адзначыць, што ў Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца для барацьбы з апанентамі ўлады і іншадумствам у цэлым.

Выява: УУС Мінаблвыканкама
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!