Скриншот видео МЧС
Мужчына ўпаў у калодзеж падчас рамонту помпы ў Клецкім раёне, паведамляе прэс-служба МНС. Інцыдэнт адбыўся сёння ў аграгарадку Нагорнае ў двары прыватнага дома.
Мясцовы жыхар знаходзіўся на глыбіні каля 10 метраў. Як высветлілася, ён праводзіў рамонтныя работы помпы, вяровачная лесвіца абарвалася, і мужчына ўпаў на дно. Сын спрабаваў самастойна дапамагчы бацьку, але безвынікова.
Ратавальнікі апусцілі мужчыне пояс са страхавальнай вяроўкай і дасталі яго на паверхню. Медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.