«Можна ж і лапці тысячамі прадаваць» — Селіверстаў заявіў пра нізкую дынаміку рэалізацыі сумесных праектаў з РФ

Былы міністр фінансаў, а цяпер новы пасол Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў лічыць, што сумесныя праекты з РФ, на якія быў выдзелены крэдыт у 105 млрд расійскіх рублёў, рэалізуюцца павольна. Пра гэта ён заявіў у эфіры беларускага тэлебачання.

“На мой погляд, дынаміка рэалізацыі тых праектаў, якія ўжо падпісаныя, яна не надта высокая. І гэтаму ёсць шэраг прычын, у тым ліку і тое, што, магчыма, скажам так, звязана з завышанымі чаканнямі ад таго, што мы хутка зможам сфарміраваць нейкі там вытворчы ўчастак, кластар, набыць абсталяванне, бо гэта аказалася не так проста, як здавалася нашым калегам.

Але тут пытанне такое, што тут важна, каб гэтыя праекты ў тым ліку былі акупальнымі. Таму вось гэты досвед рэалізацыі гэтых інвестпраектаў, якія мы рэалізоўвалі, на якія нам каля 105 млрд расійскіх рублёў Расійская Федэрацыя выдзяляла, вось той шлях, які мы прайшлі, ён, на мой погляд, павінен быць пераасэнсаваны, каб разумець, у якім кірунку рухацца.

Бо так, канечне, нам як звычайным людзям, звычайным грамадзянам, чым больш будзе цікавых сумесных праектаў, тым будзе лепш. Але тут трэба разумець, што гэты праект павінен быць хутка рэалізавальным і акупальным, бо на яго ж будуць затрачаныя грошы, у тым ліку дзяржаўныя. Нават калі гэта крэдыты, іх жа трэба вяртаць. Калі потым нешта пойдзе не так, могуць з’явіцца пытанні. Таму ў нас няма права, так сказаць, на эксперыменты з дзяржаўнымі грашыма. І часу няма. І таму вось тут з пункту гледжання перспектыў далейшага развіцця я ўпэўнены, што яны ёсць. Але нам трэба зрабіць сур’ёзныя высновы з той работы, якую мы вялі”, — сказаў ён.

Селіверстаў таксама падкрэсліў, што дамоўленасці павінны выконвацца.

“Мы павінны разумець, што нашы партнёры, падпісваючы з намі кантракты, разлічваючы атрымаць беларускую прадукцыю, адмаўляюцца ад прадукцыі нейкіх іншых вытворцаў іншых краін, нават недзе, магчыма, ад сваёй. І выбіраюць з улікам зручнасці, выгаднасці, цаны, якасці і гэтак далей, — патлумачыў пасол. — Але ўсё гэта можа быць перакрэслена, калі мы своечасова не паставім гэтую прадукцыю. У іх яе не будзе ні дарагой, ні таннай, ні дрэннай, ні якаснай. Яе не будзе ўвогуле. Падводзіць нашых партнёраў ніяк нельга. Таму, натуральна, трэба сачыць за ўсімі гэтымі пытаннямі, каб не было ніякіх форс-мажораў. Бо не ўпрыгожвае, калі мы, беручы на сябе абавязацельствы, не можам іх выконваць. Гэта нам ніхто не даруе”, — адзначыў ён.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць павышэння якасці гандлю з Расіяй і іншымі краінамі.

“Мы павінны разумець, што пытанне не толькі ў грашах, але пытанне і ў колькасці гэтай прададзенай прадукцыі, і ў тым, якую прадукцыю мы туды прадаем, якая там даданая вартасць. Бо затраціць масу рэсурсаў, каб прадаць шмат танных трактароў і на гэтым зарабіць 3 капейкі — гэта ж не наша самамэта.

Мы павінны пастаўляць туды добрую, якасную, з высокай маржынальнасцю прадукцыю. І у гэтым і рост тавараабароту. І самае цікавае — ад гэтага тавараабароту больш прыбытку і даходаў у бюджэт. Бо, як вы разумееце, можна ж і лапці тысячамі прадаваць, але гэта не значыць, што ты на гэтым моцна заробіш. Умоўна, канечне. Але таму тут сам па сабе тавараабарот, ён яшчэ павінен ацэньвацца паводле некаторых іншых фактараў”, — сказаў Селіверстаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!