Фото: Jim Reardan, unsplash.com
Расія і Беларусь «захоўваюць гатоўнасць да працягу працы» па адмене тэлефоннага роўмінгу паміж краінамі. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю РІА «Новости» дырэктар Другога дэпартамента краін СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук.
“Праца ў гэтым кірунку вядзецца… Мы захоўваем гатоўнасць да працягу працы профільных ведамстваў і аператараў сувязі з выхадам на поўную адмену роўмінгу, якая б цалкам выключала спагнанне дадатковай платы за сувязь на тэрыторыі сумежнай краіны. Як і ўсе грамадзяне Расіі і Беларусі, спадзяёмся, што рух у гэтым кірунку будзе працягнуты”, — заявіў Палішчук.
Роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй абяцаюць адмяніць ужо некалькі гадоў. Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Павел Ткач заяўляў, што ўсе праблемы з роўмінгам будуць вырашаны да канца 2025 года. Такія «дэдлайны» чыноўнікі абедзвюх краін называлі дзясяткі разоў.
Праблема ўскладняецца «рэжымам ахалоджвання» — адключэннем мабільнага інтэрнэту на суткі пры ўездзе ў Расію.