Міністр абароны Латвіі гатовы пазбавіцца пасады пасля залёту беспілотнікаў

Міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс заявіў, што бярэ на сябе адказнасць за інцыдэнт з залётам дронаў з тэрыторыі Расіі. Ён гатовы пайсці ў адстаўку, калі Сейм прыме такое рашэнне. Адстаўкі ўжо запатрабавалі апазіцыйныя партыі.

«Дроны павінны быць збітыя — гэта, у першую чаргу, адказнасць кіраўніка ўзброеных сіл і мая як палітычнага кіраўніка. Я бяру на сябе поўную адказнасць. Таму я паважаю прапанову апазіцыі і буду паважаць таксама рашэнне Сейма ў гэтай сітуацыі», — сказаў ён у эфіры латвійскага тэлебачання.

Нагадаем, учора ў паветраную прастору Латвіі заляцелі беспілотнікі з боку Расіі. Два з іх упалі, пры гэтым адзін абрынуўся на тэрыторыі нафтабазы ў Рэзэкнэ, дзе былі пашкоджаныя пустыя рэзервуары для паліва.

Паводле слоў Спрудса, асноўнай версіяй застаецца ўкраінскае паходжанне дронаў.

«Яны наносяць удары па легітымных мэтах на тэрыторыі краіны-агрэсара, але расследаванне і камунікацыя з украінскім бокам усё яшчэ працягваюцца. Ясныя вынікі будуць пасля завяршэння расследавання», — дадаў міністр.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!