Міністр абароны Эстоніі: «У Расіі няма ніякіх абмежаванняў для дзеянняў з тэрыторыі Беларусі»

Міністр абароны Эстоніі Ханно Пеўкур адказаў на пытанні карэспандэнта Reform.news на палях сустрэчы міністраў абароны краін — членаў НАТА ў Бруселі.

Эстонскі міністр абароны не быў уражаны вучэннямі па баявым ужыванні ядзернай зброі, якія прайшлі ў Беларусі ў маі.

«Калі гаворка ідзе пра вучэнні па ўжыванні ядзернай зброі, не важна, праходзяць яны ў Беларусі ці недзе ў Сібіры. З улікам таго, дзе мы знаходзімся, гэта ўплывае толькі на час падлёту. Відавочна, гэта сігнал з іх боку. Мы паслалі свой сігнал сёння падчас працы Групы ядзернага планавання НАТА.

Але ў цэлым тут няма нічога новага — Расія пастаянна гэтым займаецца. Калі яны правальваюцца на полі бою, яны спрабуюць выцягнуць новую тэму на парадак дня і пачынаюць палохаць ядзернай зброяй і запускаць «Арэшнік» па Украіне. Яны спадзяюцца, што гэта нас напалохае або зломіць. Не. Не напалохае і не зломіць», — сказаў Ханно Пеўкур.

Міністр абароны Эстоніі пацвердзіў гатоўнасць сваёй краіны і саюзнікаў па НАТА абараняць паветраную прастору краін Балтыі і растлумачыў цяжкасці з прыняццем рашэнняў пры перахопе тых ці іншых аб’ектаў.

«Трэба разумець, што ёсць гіганцкая розніца паміж тым, як ты сябе паводзіш, калі знаходзішся ў стане вайны, і калі знаходзішся ў стане міру. У мірнай сітуацыі правілы вельмі строгія.

Мы павінны глядзець, дзе мы нешта збіваем, у які момант мы нешта збіваем, куды яно ўпадзе і якой будзе спадарожная шкода. У НАТА дастаткова магчымасцей для перахопу практычна ўсяго, што супраць нас могуць ужываць, але мірны час накладвае сур’ёзныя абмежаванні», — сказаў міністр.

Эстонскі міністр лічыць Беларусь залежнай ад Расіі ў вайсковых адносінах.

«Беларускае кіраўніцтва ясна заяўляе, што ў якасці гаранта бяспекі разглядае выключна Расію. У Расіі ў Беларусі свае вайсковыя базы, і мы не маем ніякіх ілюзій. На сённяшні дзень рэальнасць такая, што ў Расіі няма ніякіх абмежаванняў для дзеянняў з тэрыторыі Беларусі. Я не хачу спекуляваць на тэму, ці можа Лукашэнка спыніць гібрыдныя атакі ў дачыненні да краін Балтыі і Польшчы, але бачу, што ён нічога для гэтага не робіць», — сказаў ён.

Ханно Пеўкур ахарактарызаваў змены ў НАТА як рух у правільным кірунку.

«Ёсць дакладнае разуменне таго, што НАТА ўмацоўваецца і што з кожным днём будзе станавіцца мацнейшым. Летась мы інвеставалі ў сваю агульную абарону на 90 мільярдаў больш, чым у папярэднім годзе, — толькі еўрапейскія краіны і Канада, без уліку ЗША.

Мы вельмі хутка ўмацоўваем нашу абаронную прамысловасць і яе магчымасці. Мы разумеем, што будуем цалкам новую НАТА — НАТА 3.0 — альянс, які будзе мець рэальныя вайсковыя магчымасці для сваёй абароны. Гэта дакладна рух у правільным кірунку», — сказаў міністр абароны Эстоніі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!