Міністэрства юстыцыі Літвы разглядае магчымасць канфіскацыі беларускіх актываў у выпадку, калі Мінск паспрабуе канфіскаваць грузавікі літоўскіх перавозчыкаў.
«Канфіскацыя маёмасці — гэта вельмі балючае пытанне для літоўцаў, і рэалізаваць падобныя меры няпроста, бо мы адразу апынёмся ў судах. Аднак калі ў Беларусі адбудзецца канфіскацыя гэтых грузавікоў, мы абавязкова павінны будзем прыняць меры ў адказ. І, безумоўна, здзейсніць аналагічныя дзеянні», — заявіла міністр юстыцыі Рыта Тамашунене ў эфіры радыёстанцыі Ziniu radijas у чацвер.
Паводле яе слоў, для рэалізацыі такіх крокаў неабходна прыняць новы закон. Разам з тым міністэрства ўжо вывучыла беларускія актывы, якія ёсць у Літве.
Яна таксама адзначыла, што цяпер няма магчымасці вырашыць праблему дыпламатычным шляхам або палепшыць адносіны з Беларуссю.