Фото: threads.com/@varvara_krasadl
Мужчыны ў Мінску выйшлі расчышчаць ад снегу дарогу ў двары і адкапалі труп. Жахлівай гісторыяй падзялілася ў Threads карыстальніца varvara_krasadl.
“З паў на шостую раніцы муж і яшчэ некалькі хлопцаў пайшлі адкопваць дарогу ў двары, капалі, капалі і адкапалі труп. Цяпер наш двор дакладна не выязны. Пакуль прыедуць усе службы. Гэта кашмар”, — напісала яна, размясціўшы фота, зробленае, відаць, з акна.
“Ну вось, таварышы-міліцыянеры, прыехаць-то прыехалі, а вось з’ехаць ужо не могуць”, — адзначыла жыхарка сталіцы.
У каментарыях пішуць, што інцыдэнт адбыўся па адрасе Байкальская, 66.
Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, смерць мужчыны не носіць крымінальнага характару.
“Сёння раніцай 59-гадовы мінчук, які мае інваліднасць з-за хваробы сэрца, адправіўся на працу. Аднак у дарозе мужчына адчуў раптоўнае нядужанне і прыняў рашэнне вярнуцца дадому, паведаміўшы пра гэта жонцы. На жаль, з-за рэзкага пагаршэння стану здароўя мінчук памёр”, — паведамілі ў сталічнай міліцыі.