Мінчукі просяць Лукашэнку не зносіць сараі. Улады настойваюць на аварыйнасці і нямэтавым выкарыстанні

Жыхары некалькіх дамоў у Мінску звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не зносіць сараі ў раёне дамоў 20-40 у завулку Соф’і Кавалеўскай і 24-25 на вуліцы Папова. Відэа апублікаваў рэсурс @belarus_okay у Instagram.

Паводле слоў мінчукоў, 3 красавіка 2026 года ЖКГ Маскоўскага раёна размясціла на будынку аб’явы пра неабходнасць вызваліць сараі ў сувязі з будучым дэмантажом.

«Мы, жыхары, супраць гэтага рашэння», — заявілі яны ў адказ.

У ЖКГ ім паведамілі, што праваўстанаўліваючых дакументаў на сараі ў іх няма і карыстацца імі яны не маюць права, а камісія па надзвычайных сітуацыях адміністрацыі Маскоўскага раёна прызнала сараі старымі і такімі, што знаходзяцца ў аварыйна-небяспечным стане.

На зварот адрэагаваў кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Сяргей Рубанаў. Паводле яго слоў, у свой час гэты будынак выкарыстоўваўся для захоўвання дроў, паколькі жылыя дамы былі абсталяваныя пячным ацяпленнем.

“У цяперашні момант горадам жылыя дамы пераведзеныя на цэнтральнае ацяпленне, водазабеспячэнне. Ранейшае прызначэнне страціла сваю актуальнасць. Жыхары сталі выкарыстоўваць аб’ект як сараі, пры гэтым адзначаюцца грубыя парушэнні ў частцы самавольнага пераўладкавання. Шэраг сараяў ужо выкарыстоўваецца пад гаражы, парушаная апорная здольнасць гэтага будынка”, — заявіў ён.

Чыноўнік адзначыў, што па выніках камісійнага абследавання з удзелам прадстаўнікоў МНС, цэнтра гігіены і архітэктуры будынак прызнаны аварыйным.

“На цаглянай муры прысутнічаюць шматлікія трэшчыны, выбоіны. Дах мае пашкоджанні кровельнай сістэмы і пакрыцця. Прынята рашэнне яго дэмантаваць з наступным аднаўленнем добраўпарадкавання. Акрамя таго, гэты аб’ект знаходзіцца на землях агульнага карыстання, праваўстанаўліваючыя дакументы адсутнічаюць”, — пракаментаваў ён.

Паводле яго слоў, перад засяленнем у жылы дом жыхарам выдаваўся ордэр, у якім было дапаўненне пра карыстанне для захоўвання дроў, але ніяк не пра ўласнасць.

“Неаднаразова адміністрацыяй раёна і прадстаўнікамі службы ЖКГ праводзіліся сходы, нарады з удзелам жыхароў па гэтым пытанні, дзе тлумачыліся ўсе дзеянні, якія прадпрымаюцца. Самае галоўнае — мінімізаваць наступствы аварыйнасці і забяспечыць бяспеку жыхароў”, — заявіў Рубанаў.

Відэа: @belarus_okay

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!