Мінчука будуць судзіць за адмаўленне генацыду пасля заяў пра тое, што план «Ост» — фэйк

56-гадовага жыхара Мінска будуць судзіць паводле артыкула аб адмаўленні генацыду беларускага народа. Ён прыцягнуў увагу ГУБАЗіК пасля каментароў у сацсетцы Threads.

Паводле матэрыялаў справы, у маі 2025 года мінчук знайшоў у Threads цыкл артыкулаў пра Другую сусветную вайну. Ён пакінуў некалькі каментароў «з адмаўленнем існавання гітлераўскага плана “Ост” як аднаго з этапаў генацыду беларускага народа», паведамляе Следчы камітэт.

Мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. На допыце ён патлумачыў, што спрабаваў знайсці арыгінальны тэкст дакумента ў інтэрнэце, а не знайшоўшы яго, вырашыў, што план «Ост» быў прыдуманы Камуністычнай партыяй СССР. Ён заявіў, што не ведае пра варыянт плана, размешчаны ў адкрытым доступе ў нацыянальным архіве ЗША, і пра пераклад заўваг і дапаўненняў да яго ў Нацыянальным архіве Беларусі. Таксама мужчына сцвярджаў, што дзеянні нямецкіх войскаў у дачыненні да мірных жыхароў Беларусі былі рэакцыяй на партызанскі рух і супраціў.

Мінчуку прад’яўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 130-2 КК (адмаўленне генацыду беларускага народа ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт). Ён знаходзіцца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!