Мікалаю Статкевічу ўручылі праваабарончую прэмію. У Празе ўзнагароду атрымала яго жонка

Мікалай Статкевіч стаў лаўрэатам праваабарончай прэміі Homo Homini 2026. Узнагароду прысудзіла чэшская арганізацыя «Чалавек у бядзе», цырымонія прайшла 11 сакавіка ў Празе ў рамках адкрыцця 28-га фестывалю праваабарончага кіно «Адзін свет».

Прэмію абвясціў старшыня Сената Чэхіі Мілаш Выстрчыл. Паколькі Статкевіч не мог прысутнічаць на цырымоніі, узнагароду ад яго імя атрымала жонка Марына Адамовіч. Яе перадала ўкраінская экспертка па правах чалавека Марыя Томак.

«Мікалай Статкевіч больш за трыццаць гадоў, нягледзячы на турэмнае зняволенне і рэпрэсіі, нястомна абараняе права беларусаў жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне. Яго смеласць супрацьстаяць аўтарытарнай уладзе натхняе і нагадвае, што міжнародная салідарнасць з тымі, хто плаціць за свабоду асабістай цаной, мае глыбокі сэнс», — заявіла дырэктарка Цэнтра па правах чалавека і дэмакратыі Надзія Іванова.

Нагадаем, Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву, аднак адмовіўся пакідаць Беларусь і выбег з аўтобуса. Пасля гэтага яго некалькі месяцаў утрымлівалі ў турме ў Глыбокім — пра гэта стала вядома толькі пасля яго вызвалення 19 лютага. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне. Цяпер Статкевіч знаходзіцца дома ў Мінску, аднак дакументы яму да гэтага часу не выдадзены, яго прававы статус застаецца нявызначаным.

Статкевіч правёў у беларускіх турмах у агульнай складанасці больш за 12 гадоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!