Фото: t.me/CabinetBelarus
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі прыняў рашэнне аб новым узнагароджанні медалямі «За плённую працу на карысць Беларусі», «Няскораных» (Ларысы Геніюш) і Крыжам Добрасуседства.
Лаўрэаты вылучаліся грамадскімі арганізацыямі і актывістамі і былі зацверджаныя Камісіяй па ўзнагародах пры АПК. Адпаведную пастанову 7 студзеня падпісала кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская.
Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўзнагароджаныя ўкраінскі аналітык, адзін з арганізатараў беларуска-ўкраінскага форуму імя К. Астрожскага Яраслаў Чарнагор, літоўскі гісторык, сузаснавальнік Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі Рустыс Камунтавічус, нямецкі журналіст, кіраўнік рэдакцыі па Беларусі анлайн-партала dekoder.org Інга Пэтц і беларускі журналіст Мікіта Мелказёраў.
Медаль «Няскораных» (Ларысы Геніюш) уручаюць за асабістую мужнасць і стойкасць у прасоўванні ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Ёю ўзнагароджаныя беларуская лінгвістка, перакладчыца з італьянскай мовы Наталля Дуліна, праваабаронца Уладзімір Лабковіч і блогер Ігар Лосік.
Крыж Добрасуседства ўручаць намінантам за развіццё публічнай дыпламатыі і ўмацаванне дыялогу паміж народамі. Лаўрэатамі сталі польскі дзяржаўны дзеяч і прафсаюзны актывіст Лех Валенса і літоўскі палітык Вітаўтас Ландсбергіс.
Акрамя таго, яшчэ два чалавекі будуць узнагароджаныя ў закрытым парадку, паведамілі ў прэс-службе АПК.