Reform.news

Марыя Калеснікава атрымала званне ганаровага прафесара ў Зальцбургу

Рэдакцыя Reform.news · 6 кастрычніка 2026, 11:05

https://reform.news/be/maryja-kalesnikava-atrymala-zvanne-ganarovaga-prafesara-zalcburgu/

Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава асабіста прыняла званне ганаровага прафесара ад універсітэта Моцартэум у Зальцбургу. Званне ёй было прысуджана чатыры гады таму, калі яна яшчэ знаходзілася ў зняволенні ў Беларусі, паведамляе ORF.

«Пра ганаровае званне я даведалася з ліста маёй сястры. Гэта было апошняе паведамленне, якое я атрымала. Пасля гэтага лісты больш не прыходзілі. Гэты ліст звязаў мяне з маёй сям’ёй, з музыкай і з людзьмі за межамі турэмных сцен. Гэты ліст нагадаў мне, што людзі думаюць пра мяне і што я ўсё яшчэ належу гэтаму свету», – прыводзіць яе словы тэлеканал.

Рэктар універсітэта Канстанца Вімер адзначыла, што Калеснікава стала першым ганаровым прафесарам у гісторыі навучальнай установы, і гэта званне цяпер назаўсёды будзе звязана з ёй.

У будучыні Марыя Калеснікава будзе часта бываць у Зальцбургу: тут яна будзе выкладаць і працаваць над сваёй дысертацыяй.

Фота: ORF
Рэклама

Пакінуць адказ