Фото: Erik Mclean, unsplash.com
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выявіла парушэнні ў некалькіх піцэрыях, якія ўстанавілі мінімальны кошт замовы з дастаўкай.
Так, на сайце dominos.by мінімальная сума дастаўкі складала 30,99 рубля ўдзень і 34,99 рубля ўначы. На меншую суму заказы не прымаліся.
«Абмежаванне па суме пакупкі, якое ўстанаўліваецца прадаўцом, супярэчыць нормам заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў і абмяжоўвае права спажыўца на свабодны выбар тавару: прымушае спажыўца да заказу іншых тавараў, якія ён не планаваў набываць», — заяўляе МАРГ.
Такія ж парушэнні выяўлены ў піцэрыях «Додо пицца» (ТАА «Пицца Стар»), «Пицца Лисицца», «Годзилла» (ТАА «Лёгкий ужин»), «Донер Смайл» (ТАА «МайклФуд»).
Усім аб’ектам вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў.