МАРГ прапануе па пятніцах купляць і апранаць беларускае

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыдумала новую ініцыятыву па павелічэнні долі беларускіх тавараў. Праект носіць назву “Кожная пятніца — роднае, сваё”. Прадстаўнікі МАРТ прэзентавалі яго на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Па словах намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алега Дзікуна, праект накіраваны на прасоўванне ўсяго беларускага.

“У прынцыпе, у гэтай акцыі можа прыняць удзел абсалютна кожны. Гэта як гандлёвыя аб’екты, індывідуальныя прадпрымальнікі, суб’екты, што аказваюць паслугі насельніцтву, так і кожны з нас, вось я, напрыклад, ды і вы як журналісты.

Для гэтага проста трэба ў пятніцу адчуць сябе беларусам, купіць, прыйсці там беларускі тавар, апрануць беларускую вопратку. Ну і, у прынцыпе, пра гэта можна паведаміць у сваіх сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы хэштэгі #ДзеньРоднагаСвайго.

І ў прынцыпе, сёння мы заклікаем далучыцца да гэтай акцыі ўсе нашы суб’екты гандлю, усе суб’екты грамадскага харчавання і сапраўды паказаць, што беларускае яно самае якаснае, самае добрае, і проста ўбачыць тое, што робяць нашы беларусскія вытворцы. Са свайго боку, як Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, мы будзем каардынаваць дадзены праект, максімальна асвятляць яго”, — расказаў Дзікун.

Магчымыя варыянты ўдзелу ў акцыі таксама назвала намесніца начальніка аддзела па забеспячэнні дзейнасці кіраўніцтва і ідэалагічнай працы МАРГ Дар’я Палазкова.

“Гэта можна ўмоўна прыйсці на працу ў адзенні або абутку беларускага вытворцы. Гэта можна ўвечары прыйсці ў краму, купіць нашы мясцовыя прадукты айчынных вытворцаў і прыгатаваць нейкую нацыянальную страву. Гэта можна ехать у таксі або на грамадскім транспарце і слухаць музыку. Пры гэтым гэтак жа музыку могуць трансляваць і ў гандлёвых цэнтрах, аб’ектах, гандлёвых аб’ектах, што аказваюць паслугі.

То-бок тут мы даём права выбару і суб’ектам гаспадарання, і нашым грамадзянам, як вы можаце далучыцца да праекта, каб нейкі маленькі крок у вялікай агульнай справе зрабіць, і паведаміць нам пра гэта можна ў форме зваротнай сувязі, якая размешчана ў нас на сайце, па якой можна перайсці па QR-коду, размешчанаму на нашым банеры. То-бок і акрамя таго асноўнага, што мы вам прапануем, вы можаце стварыць сваю ўласную пятніцу і расказаць нам пра тое, як вы далучыліся да гэтага праекта”, — сказала яна.

Трэба адзначыць, што, паводле даных Белстата, у студзені–верасні доля беларускіх тавараў склала 54,9%, што на 0,3 п.п. больш, чым у студзені–чэрвені. Разам з тым у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года доля беларускіх тавараў скарацілася на 2,8 п.п.

У структуры продажу харчовых тавараў доля айчыннай прадукцыі ў студзені–верасні склала 76,2%, што на 0,4 п.п. больш, чым у студзені–ліпені. Калі параўноўваць з трыма кварталамі 2024 года, то адзначаецца падзенне на 0,9 п.п.

Доля беларускіх тавараў у продажы нехарчовых тавараў склала 35,1% у студзені–верасні. Яна таксама вырасла на 0,7 п.п. у параўнанні з першым паўгоддзем. Аднак у параўнанні з мінулым годам доля беларускіх нехарчовых тавараў упала на 3,2 п.п.

Алег Дзікун на прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што акцыя, якую прапануе МАРГ, “не пра долю, а пра душу”, хоць, па яго словах, у выніку міністэрства ўсё ж хацела б убачыць рост долі беларускіх тавараў у розніцы. Разам з тым ён не назваў дакладных мэтавых паказчыкаў. Сам праект не мае часавых рамак.

Выява: МАРТ
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!