Максім Рыжанкоў заявіў, што ўсе пытанні па польскіх умовах знятыя

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што ўсе пытанні па польскіх умовах знятыя. Цяпер «мяч на польскім баку».

«Яны шмат казалі, што ў іх ёсць нейкія ўмовы. Так склалася, што ўсе пытанні знятыя сёння. Калі ласка, мы гатовыя да правядзення кансультацый з польскім бокам на ўзроўні намеснікаў міністраў, на іншым узроўні — нейкага ўпаўнаважанага і гэтак далей. Каб для пачатку адпрацаваць увесь комплекс адносін. Хтосьці павінен сесці і зрабіць дакладны разбор палётаў, дзе ж мы сёння з польскім бокам знаходзімся, па ўсім коле адносін. Я думаю, што гэта павінны зрабіць МЗС», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, польскім суседзям варта праявіць сябе, напрыклад, у сферы транспарту і лагістыкі.

«Я б нашым польскім суседзям даў час сябе праявіць. У нас задач вельмі шмат і магчымасцяў вельмі шмат. Калі нам удасца адпрацаваць узаемныя транспартна-лагістычныя механізмы, ад гэтага толькі выйграюць абодва бакі. Калі мы знойдзем развязкі па нейкіх гандлёва-эканамічных пытаннях, прыгранічным супрацоўніцтве (слухайце, чыгунка не працуе, самалёты не лётаюць, шэраг пунктаў пропуску застаецца закрытым, чэргі шалёныя), то, вядома, варта чакаць інтэнсіфікацыі кантактаў», — дадаў ён.

Трэба адзначыць, што нядаўна быў праведзены абмен 5х5, у выніку якога былі вызваленыя Анджэй Пачобут і два польскія грамадзяніны. Акрамя таго, цягам апошніх месяцаў практычна не назіраецца спробаў мігрантаў парушыць мяжу Польшчы з беларускага боку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!