МАК дыскваліфікаваў украінскага скелетаніста за шлем з загінулымі ўкраінскімі спартсменамі

Міжнародны алімпійскі камітэт адклікаў акрэдытацыю ўкраінскага скелетаніста Уладзіслава Гераскевіча за шлем з выявай украінскіх спартсменаў, загінулых на вайне з Расіяй. МАК палічыў, што нашэнне такога шлема парушае кіраўніцтва па самавыяўленні. Гераскевіч не зможа выступаць на Алімпіядзе.

На «шлеме памяці» Гераскевіча адлюстраваныя больш за 20 украінскіх спартсменаў і трэнераў, якія загінулі падчас вайны. Раней МАК забараніў выкарыстоўваць яго на спаборніцтвах, спаслаўшыся на тое, што спартсменам забаронена рабіць палітычныя заявы на Алімпіядзе, і прапанаваў выкарыстоўваць чорную стужку для дэманстрацыі жалобы. Гераскевіч настойваў на выкарыстанні шлема на спаборніцтвах.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе МАК, з Гераскевічам вяліся перамовы, але на апошняй сустрэчы з прэзідэнтам МАК Кірсці Кавентры сёння раніцай кампраміс не быў знойдзены.

«МАК быў надзвычай зацікаўлены ў тым, каб спадар Гераскевіч прыняў удзел у спаборніцтвах. Менавіта таму МАК сеў з ім за стол перамоваў, каб знайсці найбольш паважлівы спосаб улічыць яго жаданне ўшанаваць памяць сваіх таварышаў-спартсменаў, якія загінулі ў выніку ўварвання Расіі ва Украіну. Сутнасць дадзенага выпадку заключаецца не ў самім пасланні, а ў тым, дзе менавіта ён хацеў яго выказаць», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

МАК падкрэслівае, што Гераскевічу дазволілі дэманстраваць шлем падчас трэніровачных заездаў і пасля спаборніцтваў пры праходжанні праз змешаную зону.

«Жалоба выяўляецца і ўспрымаецца па-рознаму ў розных краінах свету. Каб падтрымаць спартсменаў у іх смутку, МАК стварыў у Алімпійскіх вёсках міжканфесійныя цэнтры і месца для выражэння жалобы, каб смутак мог быць выказаны годна і паважліва. Таксама пры пэўных абставінах дапускаецца нашэнне чорнай жалобнай павязкі падчас спаборніцтваў.

Падчас Алімпійскіх гульняў спартсменам таксама прадастаўляецца шэраг магчымасцяў для выказвання жалобы і сваіх поглядаў, у тым ліку ў змешаных зонах для зносін са СМІ, у сацыяльных сетках, на прэс-канферэнцыях і ў інтэрв’ю», — заявіў МАК.

Гераскевіч адзначыў, што не хацеў скандалу з МАК.

“Я ніколі не хацеў скандалу з Міжнародным алімпійскім камітэтам і не ствараў яго. МАК стварыў яго сваёй інтэрпрэтацыяй правілаў, якую многія лічаць дыскрымінацыйнай. Хоць дзеянні МАК дазволілі гучна гаварыць пра ўкраінскіх спартсменаў, якія загінулі, сам факт скандалу адначасова адцягвае велізарную колькасць увагі ад саміх спаборніцтваў і ад спартсменаў, якія ў іх удзельнічаюць. Таму я ў чарговы раз прапаную завяршыць гэты скандал”, — напісаў ён у Facebook.

Спартсмен прапаноўваў дазволіць яму выкарыстоўваць “шлем памяці”, папрасіць прабачэння за ціск на яго і перадаць генератары для ўкраінскіх спартыўных аб’ектаў у знак салідарнасці з украінскім спортам.

Уладзіслаў Гераскевіч — 27-гадовы ўкраінскі скелетаніст. Ён выступае за нацыянальную зборную Украіны па скелетоне з 2016 года, удзельнічаў у Алімпіядах 2018 і 2022 гадоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!