Кніга архіва VEHA "Руіны Беларусі"
Чаканыя перавыданні па-сапраўднаму парадуюць чытача, вернуць у ранейшыя часы з іх жахамі і таямніцамі. А пераклады – тым больш, чаго толькі варты двухтомнік Борхеса па-беларуску. «Майстра і Маргарыту», дарэчы, таксама пераклалі. І дзецям у зімовыя святы выдаўцы падрыхтавалі займальныя падарункі.
Мінск – горад шумны, заняты і дзелавіты, як і належыць сталіцы. Але ёсць у ім людзі, якім дазволена бачыць іншы, унутраны яго бок – Падсвецце, месца, дзе жывуць казкі, паданні і гарадское чараўніцтва. Малады маг-абярэжнік Максім – з тых, хто сочыць за захаваннем мяжы паміж звыклым і тагасветным. Вы ніколі не бачылі русалак на набярэжнай? Значыць, абярэжнік спраўляецца за сваёй задачай.
Але спакойныя часы не вечныя: пасля стагоддзяў зацішша ў мінскіх водах Свіслачы прачынаецца старадаўняе зло. І менавіта малады абярэжнік аказваецца тым адзіным, хто здольны спыніць смяротную пагрозу. Але на што ён гатовы пайсці, каб выратаваць горад, які гучыць у яго сэрцы? Ці гатовы ён рызыкнуць сяброўствам? Магіяй? А можа, і самім сабой?
Выдавецтва «Папуры»
Набыць можна тут.
У кнізе аўтар сабраў свае нататкі пра творцу, з якім яму давялося працаваць, сябраваць і ствараць літаратурнае аб’яднанне «Тутэйшыя». Супярэчлівая і эксцэнтрычная постаць Сыса і пасля смерці прываблівае чытачоў і літаратуразнаўцаў. Паэтычны геній і глыбока няшчасны чалавек, ён заўсёды быў патрыётам Беларусі, служыў ёй і змагаўся за яе словам і справай
Выдавец Раман Цымбераў.
Набыць можна тут.
Аляксей Карпюк расказвае пра ўзнікненне рэлігійнага руху ў ваколіцы, дзе нарадзіўся і правёў маладосць.
У вёсцы Грыбоўшчына Сакольскага павету, непадалёк Крынак, селянін Ілля Клімовіч аб’явіў сябе прарокам, і неўзабаве вакол яго сабралася група людзей, якія стварылі легенду пра другога, пасля Хрыста, пасланніка Бога да грэшных людзей на зямлі. Весткі пра цуды за справай малітваў Клімовіча хутка разышліся па ўсёй Заходняй Беларусі, Віленшчыне і Валыні.
Грыбоўшчынская секта магла ўзнікнуць толькі ў выніку вялікага крызісу праваслаўнай царквы пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі. Упарадкаваны свет беларусаў, што жылі на Беласточчыне, рассыпаўся падчас Першай сусветнай вайны. Пераважная большасць з іх летам 1915 года была вымушаная выехаць углыб Расіі. Там спачатку бежанцам здавалася, што яны трапілі ў рай, які ў неўзабаве па палітычных прычынах пераўтварыўся ў рэальнае пекла.
Выдавецтва «Kamunikat.org»
Набыць можна тут.
У серыі «Акно ў прозу» выдавецтва Gutenberg Publisher перавыдала першую кніжку Святланы Курс. Упершыню кніжка выйшла ў 2008 годзе, але сабраныя ў ёй апавяданні пісаліся з канца 1990-х («Мы два хохлікі» надрукаваны ў часопісе «ARCHE» ў 1998 годзе), а аповед, які даў назву зборніку, «Шлях дробнай сволачы», датаваны 2005 годам.
Ева Вежнавец «ломіць наш кантэкст на два, – паведамляе анатацыя. – На жанчын і на мужчын. На краіну, якой апантаная, і на Быдларусь, якая забівае. На людзей ідэі і на людзей, па вуліцах імя якіх мы ходзім і будзем хадзіць. Сябе і нас усіх аўтарка бачыць у гэтым разломе, з якога мы караскаемся насустрач сонцу. Чаго хочаш? Ня быць дробнай сволаччу! Але пакуль мы толькі караскаемся, блытаем сьляды і губляемся ў арыенцірах. У гэтым і Шлях».
Выдавецтва Gutenberg Publisher.
Набыць можна тут.
«Снежная фея» — гэта ўтульнае падарожжа ў зімовы свет, дзе жывуць сяброўства, дабрыня і цуды. Зборнік з дваццаці шасці вясёлых вершаў запрашае ў гульню малых і вялікіх. Вас чакаюць жартаўлівыя рыфмаванкі, вершы-азбукі і вершыкі-шыфроўкі, а яшчэ процьма сюрпрызаў!
Юлія Верамей — паэтка, перакладчыца, якая стварае арыгінальныя дзіцячыя вершы — вершы-азбукі, вершы-шыфры і вершы-малюнкі, поўныя фантазіі, дабрыні і гульні слоў.
Аздобіла кнігу Юлія Астрэйка.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
«Наадваротны Хлопчык» — гэта незвычайная гісторыя пра гарэзлівага хлопчыка, які разам з татам і мамай намаляваны на аркушы паперы. Але хлопчык быў намаляваны дагары нагамі і таму ніяк не мог уседзець на месцы…
Аформіла кнігу мастачка Эльга Папова.
Раней казка выходзіла ў аўдыяверсіі на «Кніжным возе», агучаная самім аўтарам.
Выдавецтва Slowianka.
Набыць можна тут.
Снежаньскім вечарам напярэдадні Калядаў чацвёра беларускіх дзетак знаходзяць на гарышчы фотаздымкі калядоўшчыкаў. Знаходка пераўтвараецца ў гульню, а гульня — у прыгоду з пераапрананнем, містычнымі спевамі і нават пагоняй!
Што будзе, калі дзеці ненарокам перабягуць дзяржаўную мяжу?
Выдавецтва Gutenberg Publisher.
Набыць можна тут.
Ілюстраваная зімовая гісторыя для дзяцей ад 3 гадоў расказвае пра цуды, якія здараюцца, калі ў іх верыш.
Напярэдадні Калядаў маленькая Люсі і яе брат Уліс сумуюць: за акном — ніводнага снежнага воблака. «Калі няма снегу, Каляды зусім не чароўныя», — уздыхае дзяўчынка.
Усё змяняецца, калі дзеці атрымліваюць пасылку з Ісландыі. Унутры — снежны шар-цацка. Перад сном Люсі доўга разглядае яго і круціць у руках. А ноччу здараецца цуд: проста ў пакоі пачынаюць кружыцца сапраўдныя сняжынкі!
Пераклад з французскай Кацярыны Маціеўскай.
Выдавецтва «Папуры»
Набыць можна тут.
Маленькае, крыху гарэзлівае, але вельмі добрае малпянятка Піпі пакідае бацькоўскі дом, каб спазнаць свет і знайсці сваё месца ў ім. Ягоныя прыгоды поўныя сюрпрызаў, сяброўства і важных урокаў жыцця.
Гэтая казка славутага італьянскага пісьменніка Карла Калодзі (1826–1890) не такая вядомая, як ягоныя «Прыгоды Пінокіа», але такая самая займальная і вясёлая. Галоўны герой, зусім як драўляная лялька Пінокіа ці персанажы сярэднявечных «круцельскіх раманаў», увесь час хітруе і трапляе ў небяспечныя прыгоды. І таксама, зусім як герой «рамана выхавання» часоў Асветніцтва, пры канцы вучыцца лепей разумець і навакольны свет, і сябе самога.
За мастацкае афармленне адказвалі майстарка калажоў Маша Мароз і дызайнерка Наста Капульцэвіч.
Пераклад з італьянскай Аксаны Данільчык.
Выдавецтва «Тэхналогія».
Набыць можна тут.
Дзве кнігі прозы аб‘ядноўваюць знакавыя зборнікі Хорхе Луіса Борхеса — «Вымыслы» і «Алеф» (першы том), «Паведамленне Броўдзі» і «Кніга з пяску» (другі том).
Разам яны прадстаўляюць асноўныя этапы творчасці пісьменніка — ад інтэлектуальных лабірынтаў і літратурных парадоксаў да позняй, стрыманай і філасофскай прозы.
У гэтых тэкстах Борхес разважае пра бясконцасць, час, памяць, уладу і небяспеку абсалютнага ведання, спалучаючы міф, філасофію і мастацкую выдумку.
Пераклад з іспанскай Сяргея Шупы.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць можна тут і тут. Ці два тамы разам.
Дзеянне рамана Міхаіла Булгакава адбываецца ў горадзе Маскве 1930-х, у горадзе Ерушалаіме пачатку новай эры, а таксама на зямлі, нябёсах і ў апраметнай адначасова.
Гэта эксцэнтрычны раман-скандал, дзе камічнае і трагічнае, штодзённае і звышнатуральнае мяшаюцца ў роўнай прапорцыі, у межах аднаго эпізоду ці нават аднаго сказа. Гэта філасофскі раман, дзе ў парадаксальнай манеры высвятляюцца стасункі Дабра і Зла, а канфлікт творцы і ўладаў вырашаецца на самым высокім узроўні.
Пераклад з рускай Паўла Касцюкевіча.
Выдавецтва «Капітал прынт».
Набыць можна тут.
Нядзеянне – гэта тое, што аб‘ядноўвае герояў кнігі – адмаўляюцца дзейнічаць альбо свядома, нават дэманстратыўна лянуюцца, марнуюць час і талент, практыкуюць маўчанне і няўдачы. Заходняя культура ўхваляе актыўнасць, а бяссілле атаясамлівае з хваробай. На таго, хто адмаўляецца дзейнічаць, глядзяць падазрона. Але ў свеце войнаў і жахлівай няроўнасці, свеце, дзе ўсяго, у тым ліку зняверу, зашмат, нядзеянне робіцца выйсцем, спосабам уратаваць свабоду і годнасць.
Аўтарка складае суб’ектыўны каталог нядзеянняў. На старонках кнігі з’яўляюцца, сярод іншых, Рэмбо, Сэлінджэр, Фішар, гераіні раманаў Ферантэ, Барт, ананімныя жанчыны да любых паслуг, Элісан, дзеці, што пакутуюць на сіндром адмаўлення, альтэрнатыўныя творцы «Культуры Зборкі». Вывучэнне іх матывацыі — нагода задумацца над станам сучаснай культуры і стратэгіямі творцаў у час, што патрабуе ад нас сутаргавай актыўнасці.
Пераклад з польскай мовы Кацярыны Маціеўскай.
Набыць можна тут.
У Гаўарда Філіпса Лаўкрафта ёсць творы, якія даследчыкі аб’ядноўваюць у «Цыкл сноў», — з яго і выбраныя апавяданні кнігі «Іншыя Багі». Пісьменніка шануюць перадусім як майстра касмічнага жаху, стваральніка Ктулху і незлічонай колькасці пачвар, што ўвасабляюць абсалютны хаос, але зборнік беларускіх перакладаў запрашае ў падарожжа іншага кшталту. Гэта падарожжа ўнутр, у Краіну Сноў — прастору, дзе замест касмічнай пустэчы пануе найглыбейшая, часам амаль невыносная настальгія. Гэта месца, дзе ўсё дагэтуль магчыма, дзе прыгоды і таямніцы не былі яшчэ выцесненыя рацыяналізмам і прагматызмам
Пераклад здзейснілі сямёра перакладчыкаў, якія аб’ядналіся ў ініцыятыву BelRead, адрэдагаваў кнігу Андрэй Хадановіч.
Выдавецтва Gutenberg Publisher
Набыць можна тут.
Кніга архіва VEHA створаная з калекцый фотаздымкаў, зробленых на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях. Гэта кніга распавядае пра лёс нашых камяніц. У свой час усе будовы Беларусі былі пад пагрозай знішчэння — войны, нядбайнасць, дзяржаўны гвалт руйнавалі замкі і касцёлы, ратушы і цэрквы, сінагогі і хаты. Мноства іх знікла без следу на зямлі, але яны засталіся на фотаздымках.
У кнізе змешчаны фатаграфіі разбураных помнікаў архітэктуры, што паходзяць з 45 сямейных і публічных архіваў, у тым ліку са збораў Цэнтра беларускай культуры. Тэкст прадстаўлены на трох мовах: англійскай, беларускай і польскай.
Выдавецтва: Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku / Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, Galeria Arsenał w Białymstoku
Набыць кнігу можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram