Николас Мадуро. Фото: facebook.com/NicolasMaduro
19 снежня міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў правёў тэлефонную размову з венесуэльскім калегам Іванам Хілем Пінта. Кіраўнік венесуэльскага МЗС перадаў Аляксандру Лукашэнку падзяку ад Нікаласа Мадуры за «ўсялякую падтрымку Каракаса».
Званок адбыўся па ініцыятыве венесуэльскага боку. Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага парадку дня, пацвердзілі «сяброўскі і адкрыты характар беларуска-венесуэльскага міждзяржаўнага дыялогу».
«У ходзе размовы І. Хіль праінфармаваў аб сітуацыі ў Карыбскім басейне. Перадаў словы падзякі Прэзідэнта Венесуэлы Н. Мадуры ў адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі за ўсялякую падтрымку Каракаса.
У сваю чаргу кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства пацвердзіў пазіцыю Кіраўніка беларускай дзяржавы аб непрымальнасці і бесперспектыўнасці любых агрэсіўных дзеянняў і эскалацыі ў адносінах да Венесуэлы, а таксама аб безальтэрнатыўнасці мірнага шляху для вырашэння ўсіх пытанняў», — паведамляе МЗС Беларусі.
Хіль назваў размову плённай і адзначыў, што бакі пацвердзілі «трывалыя адносіны сяброўства і супрацоўніцтва паміж урадамі».
Таксама абмяркоўвалася нафтавая блакада Венесуэлы з боку ЗША.
«Падчас званка мы абмеркавалі рост мілітарызацыі і ваенныя дзеянні ЗША ў Карыбскім басейне, атрымаўшы ад Беларусі цвёрдую падтрымку і катэгарычнае непрыманне спробаў блакаваць венесуэльскі гандаль нафтай.
Мы сыходзімся ў меркаванні, што гэтыя дзеянні, накіраваныя на падаўленне волі венесуэльскага народа і пазбаўленне яго прыродных рэсурсаў, супярэчаць Статуту ААН, а таксама праву на свабодны гандаль і суднаходства. Акрамя таго, мы пацвердзілі нашу прыхільнасць да абароны міжнароднага права ва ўсіх інстанцыях», — напасаў Хіль у сваім тэлеграм-канале.