Николас Мадуро.
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю RT у чарговы раз параіў ЗША адпусціць Нікаласа Мадуру.
“Што вы будзеце рабіць з Мадурам? Калі вы з глузду не з’ехалі, то вы павінны адступіць. Не трэба прызнаваць памылкі, яшчэ штосьці. Адступіце і адпусціце гэтага чалавека, дамоўцеся з Венесуэлай. Яны самі дамовяцца, таму што яны ведаюць, што такое Злучаныя Штаты Амерыкі, як і іншыя дзяржавы”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, захоп Нікаласа Мадуры стаў магчымы з-за наяўнасці праблем у Венесуэле, якія выклікалі незадаволенасць уладай. Аднак ён лічыць, што Трамп мог бы дамовіцца з Мадурам.
“Я чаму гэта кажу? Таму што мы з дэлегацыяй ЗША абмяркоўвалі гэтае пытанне. Абсалютна прагматычныя людзі. Я ім гэта сказаў: не трэба ваяваць з венесуэльцамі, з імі трэба дамовіцца”, – сказаў ён.
Лукашэнка лічыць, што дамовіцца з Мадурам можна было, але той не захацеў цяпер дыктату ЗША і яго захапілі.
Трэба адзначыць, што цяпер Дональд Трамп кажа пра добрыя адносіны з часовым прэзідэнтам Венесуэлы Дэлсі Радрыгес, якая заняла месца Мадуры.
У інтэрв’ю Лукашэнка таксама ў чарговы раз прайшоўся па аперацыі Трампа супраць Ірана.
“У мяне няма такога рэсурсу, каб дыктваць. Вось у Трампа гэты рэсурс ёсць, і ён дыктуе – у Венесуэле, на Кубе, спрабуе ў Іране дыктаваць, Кітаю – усім краінам нешта прадыктаваць. У яго ёсць гэты рэсурс. Калі ў цябе няма гэтага рэсурсу, то не спрабуй дыктаваць.
Дыктатура заўсёды прыводзіць да нейкай паразы, да краху. Як адбылося ў вас з Іранам. Няхай не крах, але нешта на паразу падобнае”, – дадаў ён.
Лукашэнка таксама вырашыў зрабіць папярэджанне і наконт Кубы.
“Калі вы яшчэ на Кубу ўлезеце і пачняце ваяваць з кубінцамі… Гісторыя пра гэта кажа: мала не падасца. Знойдуцца дзяржавы, якія ціха-спакойна падтрымаюць Кубу. І ў што гэта абернецца, цяжка сказаць”, – сказаў ён.
Паводле яго меркавання, вайна з Кубай не патрэбна Трампу.
“Куба знаходзіцца ў падбрушшы, недалёка ад дома Дональда Трампа. Вам гэта трэба? Не трэба”, – сказаў ён.
Лукашэнка прапанаваў ЗША не штурхаць Кубу, а выбудоўваць з ёй нармальныя адносіны.
“Не трэба штурхаць гэтую Кубу. На Кубе, у Мексіцы (я гэта добра ведаю), у Нікарагуа, у Венесуэле большасць людзей, якія разумеюць, што такое Злучаныя Штаты Амерыкі, што трэба выбудоўваць нармальныя адносіны з амерыканцамі. Дык вы выбудоўвайце гэтыя адносіны”, – заключыў ён.