Фото: Christoph Schulz, unsplash.com
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты абмеркавалі з ЗША магчымыя механізмы фінансавай падтрымкі, калі вайна з Іранам створыць для арабскай дзяржавы больш сур’ёзныя праблемы. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.
Паводле інфармацыі выдання, кіраўнік Цэнтральнага банка ААЭ Халед Махамед Балама сустракаўся ў Вашынгтоне з міністрам фінансаў ЗША Скотам Бесентам, прадстаўнікамі Мінфіна і Федэральнай рэзервовай сістэмы. Гаворка ішла пра магчымасць адкрыцця лініі валютных свопаў. ААЭ пакуль удалося пазбегнуць сур’ёзнага крызісу на фоне вайны. Яна пагражае іх эканоміцы, а таксама статусу глабальнага фінансавага цэнтра. З-за праблем з вывазам нафты праз Армузскі праліў Эміраты пазбавіліся сур’ёзнай крыніцы доларавых даходаў.
Свопавая лінія дазволіла б цэнтрабанку ААЭ атрымаць недарагі доступ да долараў для падтрымкі сваёй валюты або ўмацавання валютных рэзерваў у выпадку крызісу ліквіднасці. Афіцыйных запытаў аб такой падтрымцы не накіроўвалася, але папярэдне яна абмяркоўвалася.
Паводле слоў крыніц выдання, эмірацкія чыноўнікі паведамілі амерыканскім калегам, што калі ў ААЭ ўзнікне недахоп долараў, краіна можа быць вымушана выкарыстоўваць кітайскі юань або валюту іншых краін для продажу нафты і іншых аперацый.