Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка лічыць бізнесменаў Аляксандра Машэнскага і Яўгена Баскіна прыкладам для працы кампаній у сферы АПК. Сёння падчас сустрэчы з гендырэктарам ААТ «Агракамбінат „Дзяржынскі“» Уладзімірам Лук’янавым ён назваў іх «талковымі».
Як расказалі ў прэс-службе Лукашэнкі, гаворка ішла пра далейшае развіццё агракамбіната. На яго думку, калі ў кампаніі ёсць грошы, іх не трэба назапашваць, а варта ўкладваць.
“Важна, каб у гаспадара быў нейкі запас грошай. Гэта зразумела. Але назапашваць грошы цяпер, каб яны дзесьці мёртвым грузам ляжалі, нават на рахунках у банку, не трэба. Лепш укладваць у справу. І гэта трэба. Мы будзем вас да гэтага стымуляваць. Тым больш дзяржаўных людзей, дзяржаўныя прадпрыемствы. Ды і прыватныя. Яны ж да нас таксама звяртаюцца па падтрымку.
Ну дык давайце, вырашайце дзяржаўныя пытанні. Таму трэба ўкладацца. А куды ўкладацца? Трэба ўкладацца ў прадпрыемствы, калгасы, саўгасы, у зямлю трэба ўкладацца. Бо адтуль кармы і адтуль зерне, якое для тваёй птушкі патрэбна будзе. І калі свініна будзе, яшчэ нешта… Гэта ж зерне. Ты ж не накорміш свіней і асабліва птушку нейкім сенам, саломай ці сіласам — трэба будзе зерне. Таму трэба ўкладацца”, — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што «Агракамбінат „Дзяржынскі“» актыўна развіваецца. У мінулым годзе ён далучыў некалькі прадпрыемстваў. Так, да яго былі далучаныя ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Суднікаўскі», ААТ «Вілейскі камбікормавы завод». У папярэднія гады ў склад агракамбіната ўвайшлі ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка», ААТ «Мінскі мясакамбінат».
Лукашэнка адзначыў, што на далучэнні трэба ісці асцярожна. Цяпер агракамбінат працуе ў 9 раёнах Мінскай вобласці, а плошча яго зямель складае 130 тыс. га, і ёсць планы па працы ў Віцебскім рэгіёне.
“Дзевяць раёнаў Мінскай вобласці. І цяпер разглядаецца пытанне па далучэнні Аршанскага мясакамбіната, у склад якога ўваходзяць яшчэ чатыры прадпрыемствы. Гэта ў Аршанскім і Талачынскім раёнах”, — далажыў Уладзімір Лук’янаў.
“Гэта вам трэба сур’ёзна над гэтым падумаць. Самае галоўнае, каб вам не ўпіхнулі там дадаткова нешта. Таму што прадпрыемства ў вас велізарнае”, — адрэагаваў Лукашэнка.
Разам з тым ён упэўнены, што агракамбінат справіцца з працай у новых рэгіёнах. Тут Лукашэнка і ўспомніў пра «Савушкін прадукт» і «Сервалюкс», чые прадпрыемствы таксама знаходзяцца ў розных рэгіёнах.
“Хачу, каб ты ўлічыў. Пара ў нас добрая, талковая ёсць. Саша Машэнскі і Жэня Баскін. Мы ім у Віцебскай вобласці: „Хочаце — вось вам сыравінная зона, інтэграцыйная, як мы іх называлі, структура. Бярыце, пакажыце. Зробіце нейкія крокі — мы будзем дапамагаць“. Ну, натуральна, да „Дзяржынскага“ падключым.
Можа, там і не будзеш грошы ўкладаць. Але арганізацыйна, я ўпэўнены, ты прымусіш Аршанскі раён і прылеглы Талачынскі працаваць так, як трэба. Можа, нават і не трэба разбураць гэту інтэграцыйную структуру. Што тут дрэннага? Нейкі мясакамбінат, вакол яго прадпрыемствы. Так, яны слабыя — гэтыя прадпрыемствы. Ну дык трэба прымусіць, каб яны працавалі і былі моцнымі.
Я хачу, каб ты таксама прыгледзеўся. Дзесьці, можа, на захадзе Віцебскай вобласці якую-небудзь інтэграцыйную структуру ўзяць пад кантроль. Ты хутчэй там справішся, маючы нейкі досвед. Я маю на ўвазе „Дзяржынскі“ агракамбінат”, — сказаў ён.
У найбліжэйшых планах «Дзяржынскага» — далучэнне Слуцкага мясакамбіната.
“Таму мы патроху далучаем землі, павялічваем выручку, прыбытак. За кошт гэтай выручкі і прыбытку далучаем гэтыя прадпрыемствы. У лютым ужо ўваходзіць у склад Слуцкі мясакамбінат з даўгамі, якія мы бяром на сябе”, — сказаў Лук’янаў.
“Глядзі, каб Слуцкі мясакамбінат, калі ты яго забіраеш сабе (так, ты свае аб’ёмы будзеш перапрацоўваць), каб сыравінная зона, якая ў яго ёсць, не выпала. Яна табе і патрэбная будзе, каб загрузіць гэты камбінат”, — сказаў Лукашэнка.
Як патлумачыла пасля сустрэчы Наталля Эйсмант, прадметам размовы таксама стаў магчымы працяг кар’еры кіраўніка агракамбіната ва ўрадзе. Аднак у выніку Лукашэнка вырашыў пакінуць Лук’янава на цяперашняй пасадзе.