Лукашэнка выказаўся пра візіт Ціханоўскай ва Украіну

Аляксандр Лукашэнка зноў загаварыў пра візіт беларускіх дэмакратычных сіл у Кіеў, які адбыўся 25–26 мая. На гэты раз ён абвінаваціў дэмсілы ў тым, што яны хочуць адправіць беларусаў на вайну ва Украіне.

«Тым больш чытаю справаздачы нашых разведчыкаў. Дакладваюць: паехалі нашы ўцекачы… Цытата даслоўна — заявіла ўкраінцам: “У нас ёсць што вам прапанаваць — гэта нашы беларусы”. То-бок мы што, павінны пайсці за чужую волю ваяваць ва Украіну? Мы што, хочам мясным фаршам там быць, як вайскоўцы кажуць? Не. Мы гэтага не хочам», — заявіў Лукашэнка на адкрыцці Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы 5 чэрвеня.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь не хоча вайны і не збіраецца ні з кім ваяваць.

«Я хачу, каб будаўнікі будавалі, а не трымалі кулямёт або аўтамат у руках. Таму не верце нікому, што мы хочам нейкай вайны», — запэўніў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што важна захаваць краіну з улікам напружанай абстаноўкі навокал.

«Я гляджу і думаю пра адно: як гэта ўсё захаваць. Як зрабіць так, каб сюды варожая морда, прабачце мяне, не ўлезла і ўсё гэта не перакрышыла, не пераламала», — сказаў Лукашэнка.

На мінулым тыдні Лукашэнка ўжо каментаваў візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну. Тады ён заявіў, што беларускія дэмсілы нібыта збіраюцца падрыхтаваць баевікоў, каб захапіць беларускі раённы цэнтр.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!