Скриншот видео t.me/pul_1
Адказваючы на пытанні журналістаў на саміце ЕАЭС у Астане, Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў візіт прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл у Кіеў і заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра магчымую пагрозу з боку Беларусі.
На думку Лукашэнкі, Зяленскі робіць падобныя заявы пад ціскам еўрапейцаў, якія патрабуюць ад яго дэманстраваць актыўнасць.
«Цяпер я думаю пра тое, а навошта ён гэта кажа. Адну прычыну я называў. З амерыканцамі мы размаўляем. Пазіцыя Трампа зразумелая. Якім бы ён ні быў, ён займае правільную пазіцыю. Амерыканцы размаўляюць, нехта там маўчыць шматзначна, нехта, зноў жа, кажа, еўрапейцы нешта там мыкаюць. І яны яму кажуць: а ты чаго маўчыш? Заўтра нібыта будзе атака з боку Беларусі на Украіну, хаця гэтага ніколі не будзе, ніколі нашых там салдат не было і не будзе. Гэта таксама ён ведае, і вайскоўцы ведаюць. Гэта значыць, еўрапейцы яго падштурхнулі да таго, каб ён рабіў падобныя заявы. Нібыта яны змагаюцца за Украіну, а Украіна сама памаўчвае. Ну вось ён і ляпне», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама выказаўся пра візіт беларускай дэлегацыі на чале са Святланай Ціханоўскай ў Кіеў, які адбыўся 25–26 мая.
«І нейкія там дзеянні — нашых ціхушак-лахушак, кажуць, запрасіў і іншае. Я рады, што ён іх запрасіў. І дзякуй расіянам, якія гэта заўважылі, тэлевізійшчыкам. Я чуў на РТР гэтую перадачу. Добра, што яны паглядзелі на нашу так званую апазіцыю. Ніякая гэта не апазіцыя, гэта бандыты. І яны разлічваюць, што там яны падрыхтуюць баевікоў з ліку беларусаў, украінцаў, палякаў ці яшчэ літоўцаў, і яны рушаць і захопяць нейкі раённы цэнтр», — заявіў ён.
Лукашэнка прыгразіў «іншай якасцю вайны» ў выпадку атакі на тэрыторыю Беларусі і заявіў, што «шкадуе» Зяленскага.
«Слухайце, не дай бог, з нейкай тэрыторыі будзе ажыццёўлена ваенная атака на тэрыторыю Беларусі. Вайна атрымае зусім іншую якасць ва Украіне. Не буду канкрэтызаваць. Сам разумееш, пра што. Я спрабую прэзідэнта Украіны зразумець. Ідзе вайна, ідзе жудасны ціск. Перажыць гэта не так проста. Ну і там, можа быць, нешта здарылася, недзе курыў, недзе ўкалоўся і іншае адбылося — і ён пачынае рабіць гэтыя заявы. Мне яго проста шкада. Таму ты заўважыў — я маўчу. Не дай бог трапіць у такую сітуацыю», — сказаў ён.