Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі яшчэ не навучыліся на 100% рэагаваць на залёты беспілотнікаў, а таксама эфектыўна знішчаць іх. Пра гэта ён заявіў падчас зацвярджэння рашэнняў па ахове Дзяржаўнай мяжы ў 2026 годзе.
Паводле слоў Лукашэнкі, сітуацыя вакол Беларусі застаецца сур’ёзнай. Ён лічыць, што краіна акружаная, за выключэннем “акна на Усходзе”.
“Мы заўсёды знаходзіліся ў вельмі сур’ёзнай сітуацыі. На сённяшні дзень, на жаль, тэндэнцыі такія, што спакайней не становіцца. Паглядзеўшы на карту, мы бачым, што мы практычна акружаныя вайсковымі падраздзяленнямі з усіх бакоў. Адзінае акно на ўсходзе з Расійскай Федэрацыяй, дзе ў нас крыху лягчэй”, — сказаў ён.
Разам з тым і з боку гэтага акна не ўсё так проста.
“Але я б не сказаў, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне, калі невядома адкуль і незразумела адкуль могуць заляцець на тваю тэрыторыю беспілотнікі. Скажам адкрыта, і мы не навучыліся яшчэ на 100% рэагаваць на ўсе гэтыя залёты і не навучыліся іх на 100% знішчаць. Не ведаю, ці магчымыя гэтыя 100%. Але да гэтага нам трэба імкнуцца. Пра гэта таксама пагаворым”, — працягнуў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама адзначыў, што зацвярджэнне рашэнняў па ахове мяжы стала традыцыяй.
“Зараз гэта як ніколі актуальна. Напэўна, актуальней, чым іншыя ваенныя пагрозы. Як я ўжо казаў, таму што нашы пагранічнікі пастаянна ў баявой гатоўнасці. У іх іншай гатоўнасці няма. Заўсёды поўная баявая гатоўнасць. Яны гатовыя, як у ваенны час, працаваць. Таму што на апошніх метрах, як у нас казалі, нашай Радзімы ім давераны гонар і права хадзіць”, — сказаў ён і папрасіў далажыць пра сітуацыю на мяжы і планы дзеянняў на гэты год.
Нагадаем, перыядычныя залёты на тэрыторыю Беларусі расійскіх беспілотнікаў фіксуюцца на працягу ўсёй расійскай агрэсіі супраць Украіны, пачынаючы з 2022 года. Неаднаразова з’яўлялася інфармацыя пра падзенне беспілотнікаў на тэрыторыі краіны або іх ліквідацыю беларускімі вайскоўцамі. Нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што, паводле даных украінскай выведкі, у Беларусі ўсталявана абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для ўдараў расійскімі дронамі.
“Фактычна на дахах звычайных пяціпавярховікаў устаноўлены антэны і іншае абсталяванне, якое дапамагае наводзіць «шахеды» на аб’екты ў нашых заходніх рэгіёнах”, — сказаў Зяленскі напрыканцы снежня.