Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Казахстану дапамагчы з канстытуцыйнай рэформай. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы са старшынём Мажыліса Ерланам Кашанавым, які прыбыў у Беларусь з візітам.
“Назіраў за вашым візітам, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі. Дзякуй, што вы займаецеся канкрэтнымі справамі. Не толькі парламенцтвам — зразумела, гэта вельмі важна, асабліва цяпер, калі вы ўзяліся за Канстытуцыю і вырашылі яе мадэрнізаваць. Калі мы будзем вам у гэтым плане цікавыя — у нас дастаткова юрыстаў, спецыялістаў. Ды і справа не ў гэтым. Юрысты пішуць, а практыкі — яны падказваюць, што пісаць. Таму мы заўсёды будзем рады ў гэтым плане дапамагаць”, — сказаў ён, вітаючы госця.
Нагадаем, у студзені прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў прадставіў планы па змяненні Асноўнага закона. Мяркуецца, што замест двухпалатнага парламента ў Казахстане з’явіцца аднапалатны парламент, які будзе называцца «Курултай». Выбары ў яго будуць праходзіць па прапарцыянальнай сістэме. Таксама прапануецца заснаваць пасаду віцэ-прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка таксама сёння канстатаваў агульныя з Казахстанам падыходы да міжнароднай палітыкі.
“Што да міжнароднага парадку дня і нашых падыходаў і поглядаў, тут, на мой погляд, розніцы абсалютна ніякай няма. Мы аднолькава бачым развіццё нашага свету. Мы прыхільнікі шматпалярнасці. Мы хочам, каб новыя краіны, якія ўтварыліся, у тым ліку пасля распаду Саюза, былі суверэннымі і незалежнымі. Вы гэта выдатна ведаеце, і ваш прэзідэнт у тым ліку.
Вы нам вельмі дапамаглі ў перыяд нашай спробы ўступлення ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Я, перадусім, звяртаўся да сваіх казахстанскіх сяброў. Яны не толькі падтрымалі нас, але і дапамаглі ў працы з іншымі краінамі, каб такая ж падтрымка была аказаная.
Мы вам вельмі ўдзячныя. І мы з вамі выдатна памятаем, што як Казахстан, так і Беларусь уваходзяць у шэраг міжнародных арганізацый рэгіянальных — пачынаючы ад ЕАЭС, АДКБ, СНД і заканчваючы глабальнай Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Гэта значыць, мы разам прысутнічаем там, дзе нам трэба, дзе сканцэнтраваныя нашы інтарэсы. Гэта сведчыць пра аднолькавыя падыходы да вырашэння тых ці іншых сусветных і рэгіянальных праблем”, — сказаў ён.
Лукашэнка прапанаваў актыўней развіваць сувязі паміж рэгіёнамі і падтрымаў ідэю правядзення форуму па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.
“Губернатары ў вас і ў нас — гэта цэнтральныя фігуры. Як ні круці, ад іх многае залежыць, асабліва ў вас пры такой велізарнай тэрыторыі. Таму трэба нам гэты працэс неяк паскорыць, развіваць і не баяцца, што гэтая сярэдзіна пачала супрацоўнічаць. Тады і нам лягчэй будзе”, — сказаў ён.
Ён дадаў, што нагружае рэгіянальных кіраўнікоў. Яны супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі, што дае добры вынік. Лукашэнка таксама згадаў пра міжрэгіянальны форум з Украінай.
“Народ памятае, калі мы сабраліся ва Украіне — нашы губернатары і іх — і намецілі шляхі супрацоўніцтва. Не ўсё атрымалася, бо пачалася гэтая вакханалія ва Украіне, але мы нямала зрабілі за гэты час”, — сказаў ён.
“Я вельмі вас прасіў бы: нам не трэба губляць адзін аднаго. Ніводная краіна, нават Амерыка, сёння не можа развівацца незалежна ад іншых. Таму я вам прапаную: давайце ў гэтым шалёным свеце не страцім адзін аднаго”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, цяпер усе позіркі скіраваныя на Цэнтральную Азію.
Ён падкрэсліў, што асновай адносін з’яўляецца гандаль, а тавараабарот паміж дзвюма краінамі наблізіўся да мільярда долараў.
“Сёння мы ўжо маем, па падліках, мільярд і больш. Але ёсць куды імкнуцца. У нас высокатэхналагічная краіна. Мы гатовыя пастаўляць вам не толькі тавары. Яны вядомыя. Мы ведаем, у якіх таварах мае патрэбу Казахстан. Але калі глядзець на доўгатэрміновую перспектыву, то мы гатовыя адкрываць у вас сумесныя вытворчасці з казахстанцамі, разам працаваць і рухацца ў гэтым кірунку”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, у Беларусі вырабляецца тавараў у 1,5 раза больш, чым можа спажыць унутраны рынак, астатняе ён гатовы пастаўляць на экспарт.