Экс-палітвязень выйграў суд у Польшчы па Дублінскім рэгламенце

Былога палітвязня Алеся Папковіча збіраліся накіраваць з Польшчы ў Літву паводле Дублінскага рэгламенту. Сёння польскі суд прыняў рашэнне, якое дазваляе Алесю застацца ў Польшчы, паведамляе ініцыятыва Partyzanka.

Алеся Папковіча затрымалі разам з братам Янам у 2022 годзе. Ён атрымаў два гады калоніі паводле артыкула аб удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і выйшаў на волю ў чэрвені 2024 года.

Асцерагаючыся новага затрымання пасля вызвалення, Алесь эвакуяваўся па літоўскай візе ў Польшчу, дзе знаходзяцца яго родныя. У Польшчу таксама прыбыў яго брат Ян, якога вызвалілі ў снежні 2025 года ў выніку амерыкана-беларускіх перамоў.

Савет па справах замежнікаў Польшчы прыняў рашэнне аб перадачы Папковіча ў Літву паводле Дублінскай працэдуры. З дапамогай заснавальніцы Partyzanka Ганны Маціеўскай ён абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе.

29 студзеня Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве адмяніў рашэнне Савета па справах замежнікаў. Суд пагадзіўся з наяўнасцю сур’ёзных працэдурных парушэнняў у справе і з аргументацыяй індывідуальнай сітуацыі Алеся. Экс-палітвязень застаецца ў Польшчы са сваімі роднымі.

«Гэтае рашэнне дапаможа тым, чые справы закрываюць „аўтаматам“ без належнай ацэнкі індывідуальных абставін. А мы працягнем сістэмна аспрэчваць такія рашэнні і дамагацца справядлівай практыкі», — заяўляе Partyzanka.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!