Лукашэнка і Пуцін пачалі сустрэчу ў Нова-Агарове

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пачалі двухбаковую сустрэчу ў рэзідэнцыі расійскага прэзідэнта ў Нова-Агарове.

Лукашэнка прыбыў у Расію сёння, 10 лістапада. Заўтра запланаваны яго ўдзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

У пачатку сустрэчы Лукашэнка заявіў, што ў Мінска і Масквы амаль няма рознагалоссяў перад Новым годам.

«Я вельмі цаню ўсе нашы сустрэчы, нашы кантакты. У нас сапраўды добрыя, блізкія адносіны. Практычна няма ніякіх рознагалоссяў на сёння перад Новым годам, як гэта было раней. Гэта сведчыць пра добрую дынаміку. Пра тавараабарот: ён сапраўды сёлета прыстойна расце, працэнтаў на 20», — адзначыў Лукашэнка.

Нагадаем, звычайна ў канцы года Беларусь і Расія вядуць складаныя перамовы пра пастаўкі расійскіх нафты і газу.

Лукашэнка адзначыў, што хоча «пракансультавацца» з Пуціным па некалькіх пытаннях.

«Два-тры пытанні, па якіх я хацеў у вас пракансультавацца. Гэта не пытанні, якія трэба вырашаць, яны ўсе вырашаныя, пракансультавацца на будучыню, ну і параіцца», — заявіў ён.

Лукашэнка таксама падзякаваў расійскаму прэзідэнту за пастаўку Беларусі ўзбраенняў, запэўніў яго ў падтрымцы ў рамках АДКБ.

Пуцін падзякаваў Лукашэнку за дапамогу ў арганізацыі гуманітарных абменаў.