Лукашэнка падзякаваў Пуціну за ўзбраенне і расійскія войскі на заходнім напрамку

На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Расіі 10 лістапада Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму за пастаўку Беларусі ўзбраенняў, запэўніў яго ў падтрымцы ў рамках АДКБ, а таксама падзякаваў за расійскія войскі на заходнім напрамку, якія РФ не адпраўляе ва Украіну “пры ўсёй складанасці”.

«Што датычыцца бяспекі, я дзякую, што вы трымаеце слова. Усё, што вы паабяцалі Беларусі ў плане бяспекі, мы асвоілі. Усе віды ўзбраенняў самыя новыя, вопыт, які мы атрымліваем. Увесь свет бачыць гэты вопыт у канфлікце з Украінай. Мы таксама ўсё гэта ўважліва вывучаем.

Сфарміравалі баявыя падраздзяленні фактычна ад народнага апалчэння да ўзброеных сіл, да арміі. Праводзім рэгулярныя праверкі, вы гэта бачыце. Таму магу толькі падзякаваць за тую падтрымку і дапамогу па сучасных відах узбраенняў, якія беларуская армія атрымлівае», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама запэўніў расійскага прэзідэнта ў падтрымцы ў рамках АДКБ і падзякаваў за расійскія войскі на заходнім напрамку, якія Расія не адпраўляе ва Украіну.

«У гэтым плане вы можаце не турбавацца. Пры той падтрымцы, пра якую мы дамовіліся з вамі ў рамках АДКБ, калі на заходнім напрамку беларуская армія і расійскія ўзброеныя сілы, тыя фарміраванні, якія вы стварылі, на захадзе трымаеце на ўсялякі выпадак, яны вельмі баяздольныя і гатовыя абараняць Беларусь.

І я вам удзячны за тое, што вы трымаеце ў баявой гатоўнасці гэтыя войскі і пры ўсёй складанасці там нейкіх пытанняў, яны ніколі не накіроўваліся ў зону баявых дзеянняў ва Украіну. Гэта для нас вельмі важна, таму я вам вельмі ўдзячны», — адзначыў Лукашэнка.