Максим Рыженков. Скриншот видео
Дагавор аб дружбе паміж Беларуссю і КНДР збіраюцца падпісаць падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пхеньян. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.
“Найбольшая наша зацікаўленасць у КНДР — умацаванне сапраўды дружалюбных, партнёрскіх адносін. Тут нашы сябры, яны нас чакаюць. Так сама, як мы чакаем іх у сябе ў Беларусі. Прыйшоў час больш актыўна развіваць адносіны. Ёсць цэлы комплекс напрамкаў, якія цікавяць і беларускі, і карэйскі бакі. Яны ўсе адлюстраваны ў адпаведным дагаворы аб дружбе, які падпішуць лідары нашых краін. І на падставе гэтага дагавора ўжо будзем развіваць кантакты па лініі галіновых міністэрстваў і ведамстваў”, — сказаў міністр, перадае БелТА.
Паводле слоў Рыжанкова, усяго плануецца падпісаць 10 пагадненняў.
“Гэта асновапалеглы дагавор аб дружбе і дзевяць галіновых дагавораў, якія датычацца супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, супрацоўніцтва паміж гандлёва-прамысловымі палатамі нашых дзяржаў, Акадэміяй навук і мясцовымі даследчымі ўстановамі ў галіне развіцця сельскай гаспадаркі, супрацоўніцтва паміж інфармацыйнымі міністэрствамі. Даволі вялікі комплекс дагаворна-прававой базы”, — сказаў ён.
Міністр таксама адзначыў, што тавараабарот паміж краінамі пакуль сціплы. Паводле яго слоў, ёсць “шэраг цікавых пазіцый, па якіх можна ажыццяўляць пастаўкі”. У іх лік уваходзіць фармакалогія, пастаўкі прадуктаў харчавання. З КНДР можна атрымліваць недарагую і якасную касметыку.
“Пакуль мы толькі на пачатку шляху. Сённяшняя сітуацыя проста штурхае нас у абдымкі адзін аднаго. Мы шукаем сяброў. Сябры няхай за трыдзевяць зямель, але гэта вельмі адданыя, надзейныя і паважлівыя да нас сябры”, — сказаў ён.
Нагадаем, сёння раніцай прэс-служба Лукашэнкі заявіла, што яго візіт у КНДР пачаўся. Ён вылецеў з Мінска каля поўначы.